падпісацца на навіны па RSS атрымліваць навіны на E-mail
13.10.2008 г.
Больш за 30 тысяч гарадзенцаў атрымалі адрасную дапамогу.

13.10.2008 г.
Валейбалісты гарадзенскага “Камунальніка” саступілі ў першай гульні ў межах Кубку Выкліка турэцкаму “Галатасараю”.

13.10.2008 г.
Яшчэ вясной гарадзенскія ўлады прадалі з аўкцыёну будынак па вул. Калючынская 23. Будынак павінен быць у хуткім часе зруйнаваны, аднак яго жыхары не маюць нават самай прыблізнай інфармацыі аб тым, куды і калі іх павінны перасяліць. 

13.10.2008 г.
Шматлікія ўладальнікі аўтатранспарта скардзяцца на тое, што большасць аварый на Гродзеншчыне адбываецца з-за люкаў на дарогах вобласці.

13.10.2008 г.
Сотні настаўнікаў польскай мовы не дазволілі прыехаць у Гродна на канцэрт, арганізаваны з удзелам Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

13.10.2008 г.
09 - 10 кастрычніка 2008 Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і тэлестудыя “Брэнтстар” наведалі Ваўкавыск і Гродна ў рамках здымак дакументальнага фільму “Ад Крэва разам назаўжды”, які прысвечаны польскай этнічнай меншасці ў Беларусі.

13.10.2008 г.
Гродзенскі стары мост, адкрыты 10 кастрычніка для усіх відаў транспарту, працуе не напоўніцу.

13.10.2008 г.
Сусветнавядомая кампанія Брытыш Амэрыкан Табакко   прымае ўдзел у фінансаванні куплі высокахуткаснай цыгарэтнай лініі для гарадзенскай тытунёвай фабрыкі Нёман. Кошт абсталявання складае 4 мільёны 900 тысяч эўра.

10.10.2008 г.
Сёння ў Гродна  ў Лядовым палацу адкрыўся Міжнародны фестываль «Свет мёду і здароўя». Ён будзе доўжыцца да 19 кастрычніка.

10.10.2008 г.
Затрыманы 23-х гадовы беспрацоўны жыхар Гродна, які «падсунуў» фальшывыя грашовыя купюры ўласнаму… дзядулі.

10.10.2008 г.
Сёння адбылося адкрыццё музея гісторыі пажарнай службы, які размясціўся ў гістарычным будынку каланчы, пабудаванай у Гродна для назірання за бяспекай пасля страшэннага пажара 1885 года.

09.10.2008 г.
Сёньня працаўнікі слонімскай фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў выйшлі на акцыю пратэсту супраць ганебна нізкіх заробкаў і кепскіх умоваў працы.

астатнія навіны >>>

ПРА БЕЛАРУСКА-НЯМЕЦКУЮ ІНТЭГРАЦЫЮ І ПРА ТОЕ, ЯК МЫ СУПРАЦОЎНІЧАЛІ З КДБ Версія для друку Адправіць на E-mail
Рэйтынг: / 3
ГоршаяЛепшая 
Піша Яўген КАЛАЎРОТ   
31.07.2008 г.

Неаднаразова даводзілася ўдзельнічаць у міжнародных праектах як у Беларусі, так і за мяжой, але столькі адрыналіну і асалоды падчас удзелу ў беларуска-нямецкім праекце, які зусім нядаўна праходзіў на Гарадзеншчыне, атрымаў упершыню. Непатрэбныя ніякія замежныя курорты. Ды што зацягваць. Чытайце мой дзённік…

Пятніца, 18 ліпеня

Усё ішло добра, беларускія і нямецкія ўдзельнікі рыхтаваліся да сумеснай сустрэчы, да сумеснага знаёмства, рыхтавалася да яго і каардынатарка з беларускага  боку Інга. Здавалася, нічога не можа перашкодзіць сустрэчы. І тут у 16.20 Інзе тэлефануюць з гатэля «Амега», у якім павінны былі жыць удзельнікі праекта, і кажуць, што не могуць прыняць нашую групу, бо ўсе нумары разабраў універсітэт. Але, дзякуючы сваёй актыўнасці і аператыўнасці, Інга не разгубілася і пачала пралічваць усе магчымыя варыянты, куды можна пасяліць удзельнікаў першага для яе доўгачаканага праекту, дзе яна была ў якасці каардынатаркі. Вырашыць гэта было не так лёгка, як магло падацца на першы погляд, паколькі гэта была пятніца, бліжэй да пятай гадзіны – час, калі большасць людзей сыходзяць з працы, адчуваючы набліжэнне выходных. Але ўсё такі нашая каардынатарка здолела дамовіцца з гарадзенскім Цэнтрам турызма, куды мы праз дзень і засяліліся.

Субота, 19 ліпеня

Нямецкія ўдзельнікі ўжо прыехалі ў Менск. Заставалася іх толькі дачакацца.

Нядзеля, 20 ліпеня

 Гэта быў цудоўны сонечны дзень. Паступова ў Гародню пачалі сцякацца беларускія ўдзельнікі. Каля пяці гадзін прыехалі немцы. Усе мы сустрэліся і пайшлі засяляцца ў нашыя «камфортныя» апартаменты. А яны, не без іроніі сказана, сапраўды былі камфортнымі. Пакой на 8 чалавек, жалезныя ложкі, каля кожнага стаіць крэсла для вопраткі. Ну проста як у вайсковых казармах! Гарадзенцы вырашылі адмовіцца ад такога камфорту і паехалі жыць у свае гарадскія кватэры. Але, як аказалася, нямецкія ўдзельнікі былі задаволеныя такімі ўмовамі. Адзінае, што іх засмуціла – гэта адсутнасць гарачай вады. Але забяспечыць для іх пастаўку гарачай вады не было пад сілу нават нашай каардынатарцы. Уразіла нямецкіх удзельнікаў таксама прыбіральня. Адтуль яны выляталі з крыкамі «захаплення», і твары ў іх былі перакошаныя.

 

 

Хтосьці прапанаваў каардынатарцы схадзіць на экскурсію ў нашую прыбіральню. Маўляў,  паглядзі, якія ўмовы. Можна падумаць, яна была вінаватая і магла пабудаваць для ўсіх новую камфортную еўрапрыбіральню. Нягледзячы на ўсе дзівосы, з якімі мы сустрэліся пры засяленні, першы дзень інтэграцыі (любімае слова, якое часта сустракаецца ў лексіконе палітыкаў) прайшоў вельмі весела. Пасля засялення мы пайшлі ў Каложскі парк і гулялі ў розныя гульні, якія сапраўды дапамаглі стаць нам адной камандай. У гэтым зноў такі варта падзякаваць Інзе, якая пра ўсё паклапацілася. Вечар скончыўся распіццём піва і сузіраннем на вечаровае каляровае цуда Гародні – фантан у парку Жылібера.

Панядзелак, 21 ліпеня

Паснедалі і адправіліся гуляць па горадзе. Нямецкія каардынатары падзялілі ўсіх на групы і далі заданне пафатаграфаваць Гародню. Як высветлілася пазней, беларусы і замежнікі, у прыватнасці немцы, бачаць Гародню зусім па-іншаму. Так, беларусы фатагравалі агульны выгляд вуліц горада, будынкаў і г.д., а немцы члянілі ўсё на часткі: фатаграфавалі шыльды, вокны, дзверы, кветкі і шмат чаго.

Абедалі мы ў бары «Атлантык». Нечакана для ўсіх туды ўвайшлі два міліцыянта з аўтаматамі, быццам на кагосьці палявалі або кагосьці лавілі. Некаторых нямецкіх удзельнікаў гэта вельмі ўразіла, і яны спыталі, ці такая сітуацыя з’яўляецца для нас нармальнай. На што мы адказалаі, што самыя з такім ўпершыню сустракаемся. І супакоілі нашых калег, сказаўшы, што, напэўна, міліцыянты проста зайшлі паабедаць, ды так прагаладаліся, што забыліся прыхаваць аўтаматы.

Пасля абеда нямецкія каардынатары праводзілі майстар-класы па інтэрв’ю, фота- і відэаздымцы. Ах, да, мэта беларуска-нямецкага праекта была браць інтэрв’ю ў людзей розных прафесій і роду заняткаў, пры гэтым неабходна было гэтых людзей фатаграфаваць. Трэба было даведацца, пра што гэтыя людзі марылі ў дзяцінстве, кім яны марылі стаць, кім сталі, якія перспектывы ў сваёй прафесіі бачаць у будучым. Таму, каб нічога не паблытаць і правільна ўсё зрабіць, мы ўважліва слухалі, што казалі нам трэнеры. Думалі, што пойдзем на экскурсію, але перашкодзіў дождж, таму перанеслі на заўтра. Увечары зноў інтэграваліся…

Аўторак, 22 ліпеня

Як заўсёды з раніцы паснедалі, падзяліліся на групкі «беларус і немец» і пайшлі размаўляць з людзьмі, з якімі ўжо папярэдне дамовілася нашая каардынатарка Інга. Было вельмі цікава. Пасля абеда пайшлі ў горад рабіць спантаннае інтэрв’ю з гарадзенцамі, якіх сустракалі на вуліцы. Сярод іх былі мама з маленькай дачкой, тры пенсіянеркі, хлопец са станцыіі пералівання крыві і шмат-шмат здавалася б звычайных людзей. Карацей, таксама вельмі спадабалася. Увечары пайшлі на экскурсію, якую праводзіў для нас гарадзенскі гісторык і краязнаўца Янка Лялевіч. Было вельмі цікава. Адразу відаць, што чалавек сапраўды любіць горад, у якім нарадзіўся, і ведае пра яго шмат цікавостак. Пасля амаль трохгадзіннай экскурсіі страшэнна стаміліся і пайшлі спаць.

Серада, 23 ліпеня

Гэты дзень нічым не адрозніваўся б ад папярэдняга, каб не адзін выпадак. Дзень, як звычайна пачаўся са сняданка, потым мы пайшлі браць інтэрв’ю, паабедалі, ды зноўку бралі інтэрв’ю ў гарадзенцаў. Апошнія два дні мы былі страшэнна загружаныя, таму ўсе жылі толькі думкай пра тры наступныя дні, калі зможам выехаць за горад і сапраўды адпачыць. Прынамсі, заўтра збіраліся ехаць на турбазу «Хімік», што непадалёку ад Азёраў, але тут раптам нашай каардынатарцы патэлефанавала дырэктарка турбазы і сказала, што не можа нас прыняць. Усе былі ў шоку, асабліва Інга, якая не ведала, што з намі заўтра рабіць, тым больш быў ужо замоўлены аўтобус. Але хутка Інзе прыйшла думка адправіцца на Аўгустоўскі канал і вярнуцца з начоўкай у Гародню, у Цэнтр турызма. На тым і пагадзіліся. Усе удзельнікі, асабліва немцы, паставілі пад сумнеў такі збег абставін: адмовілі ў гатэлі «Амега», на турбазе «Хімік», і вырашылі, што тут нешта не так, але што менавіта – ніхто не мог патлумачыць. Тлумачэнне гэтаму з’явілася на наступны дзень.

Чацвер, 24 ліпеня

Паснедалі і збіраліся ехаць на Аўгустоўскі канал. Паралельна вырашалася пытанне, ці прымуць нас у Цэнтры турызма. Спачатку пагадзіліся нас прыняць, а праз 10 хвілін адмовілі. Зноўку дзіўны «збег абставін», які па-ранейшаму працягваўся. Праз паўгадзіны ўсё высветлілася. Мы селі ў аўтобус і чакалі толькі нямецкіх каардынатараў, якія цягнулі свае клункі. Адзін з удзельнікаў сказаў нашай каардынатарцы паглядзець у вакно, дзе стаяла машына, у якой сядзелі чатыры чалавекі. Не паспеў ён гэта прамовіць, як з машыны выйшлі тры мужчыны і адна жанчына, якія падыйшлі да аўтобуса.

 Жанчына аказалася са службы міграцыіі і спыталася немцаў паказаць іх пашпарты. Пашпарты замежнікаў былі на рэгістрацыіі (абавязковая працэдура для замежнікаў, якія знаходдзяцца на тэрыторыі нашай краіны больш за 3 дні), аднак іх нам павінны былі аддаць праз гадзіну (было 10.00). На шчасце, у немцаў аказаліся пры сабе пасведчані аб асобе, таму ўсё абышлося. Затое двое мужчын у штацкім папрасілі выйсці беларусаў з аўтобуса на размову. Мы ўсе ціха ўсталі і пайшлі за імі. Нас завялі ў асобны пакой Цэнтра турызма і папрасілі па-асобку кожнага заходзіць у пакой насупраць для «размовы». На нашае пытанне, на якой падставе нас затрымалі і чаму гэтыя людзі не прадставіліся, адкуль яны і хто, прадстаўнікі ўлады адказу не давалі. Выклікалі на допыт спачатку гарадзенцаў. Усе астатнія засталіся сядзець. Пачалі вырашаць, што рабіць. Мы маглі проста ўстаць і пайсці або ўвогуле не выходзіць з аўтобуса, паколькі нам не патлумачылі прычыну нашага затрымання і не прадставіліся, аднак мы не хацелі падстаўляць сваіх калег, што знаходзіліся на допыце, бо баяліся, што ў іх могуць узнікнуць яшчэ большыя праблемы.

Дапрасілі толькі трох чалавек, а ўсіх астатніх адпусцілі. Як пазней высветлілася, гэта былі супрацоўнікі КДБ, якія цікавіліся мэтай нашага праекта, і чым мы ўсе займаемся. Супрацоўнікі камітэта дзяржбяспекі думалі, што немцы прыехалі апытваць беларусаў пра нашую дзяржаўную палітыку, а аказалася, што не. Карацей, пасля допыту мы зразумелі, па якой прычыне нам адмовілі ў «Амезе», на турбазе «Хімік» і ў Цэнтры турызма. А нашая каардынатарка зрабіла высновы, што яе тэлефон праслухоўваўся спецыяльнымі службамі. Добра, што ўсё скончылася добра, праўда, не зразумела, чаму пыталіся пра праект у нас. Па-мойму, лепш было б запытацца ў саміх немцаў пра мэту іх візіту ў Беларусь, але, напэўна, у нашых праваахоўчых ворганаў паўстае вялікая праблема ведання ангельскай мовы, таму яны вырашылі адыграцца на нас. Але што не кажы, а нашыя ворганы бяспекі аказаліся даволі ветлівымі і на развітанне сказалі нам: «Всего хорошего». Мы расцанілі гэта, як факт прымірэння з імі і гарантыю таго, што ў далейшым у нас не будзе праблем.

 Нарэшце мы паехалі на Аўгустоўскі канал, дзе вельмі файна адпачылі: паелі шашлыкоў і пакаталіся на цеплаходзе. Па дарозе заехалі ў вёску Свяцк, дзе ёсць цудоўны палац, які, на жаль, як шэраг іншых архітэктурных помнікаў у краіне, знаходзіцца ў занядбалым стане. А зараз, па-мойму, час згадаць пра так званыя стэарэтыпы ў адносінах адзін да другога.

Заўважыў, што нямецкія дзяўчаты на прыроду апранаюць спадніцы. Няўжо ім так камфортней?! Бо вядома, што для беларускіх дзяўчат больш камфортным з’яўляецца вопратка кшталту джынсаў, штаноў, шортаў. А вось немцаў было незвычайным тое, што нашыя людзі, адпачываючы на прыродзе, любяць пагарланіць песні. Такую выснову яны зрабілі, пачуўшы як пад суседнім навесам прадстаўнікі гандлю адзначалі набліжаючыся дзень гандлю. А яшчэ немцы не маглі зразумець, як можна катацца на цеплаходзе з уключанай вельмі гучна музыкай. Маўляў, калі плаваеш, то трэба адпачываць, а не напружваць свой слых. Аказваецца, у Германіі адпачынак на прыродзе павінен праходзіць у поўнай цішыні. Хтосьці з немцаў пажартаваў, што, напэўна, у лесе Аўгустоўскага канала, у радыусе пяці кіламетраў не сустракаецца ні адной жывёлы.

Пасля Аўгустоўскага канала мы вярнуліся ў Гародню, дзе памыліся ў лазні. Заўважыў, што немцы могуць жыць у любых умовах абы толькі ім была гарачая вада. Пасля лазні адправіліся начаваць па кватэрах сяброў і знаёмых, так як нідзе больш у горадзе, дзякуючы КДБ, не маглі спыніцца.

Пятніца, 25 ліпеня

 Усе разам адправіліся па гістарычных мясцінах Гарадзеншчыны і Міншчыны. Дарога ляжала на Нясвіж і Мір. У Наваградку павінны былі спыніцца на ноч. Да Нясвіжа трэба было ехаць чатыры галдзіны. Немцаў гэта не вельмі задаволіла і яны пачалі казаць, што для іх разглядаць замкі не так ужо важна і цікава, для іх лепш камунікацыя з намі. Але нягледзячы на ўсё, у Нясвіж мы патрапілі. Там паглядзелі палац Радзівілаў, дакладней тое, што ад яго засталося. Немцаў «рэканструкцыя» палаца вельмі ўразіла. Убачанае дапамагло ім зразумець, чаму толькі адна сцяна засталася ад наваградскага замка. Яны сказалі, што палац Радзівілаў прасцей знесці, чым адбудваваць.

 

Пасля мы заехалі ў Мірскі замак, які таксама знаходзіцца на рэстаўрацыі. Некаторыя ахвотнікі вырашылі пакатацца на кані, які побач з замкам здаваўся у пракат. Пасля таго, як нашая каардынатарка Інга паскакала ў поле на кані, немкам таксама захацелася паказаць, што і яны не лыкам шытыя і могуць, як пісаў калісьці расейскі класік «коня на скаку остановить и в горящую избу войти». На жаль, ім гэта не ўдалося, бо трэба было ехаць далей.

 Далей мы паехалі на знакамітае возера Свіцязь, якое кальсьці у сваіх вершах і баладах апяваў Адам Міцкевіч. Вада ў возеры вельмі празрыстая. Гэта нядзіўна, паколькі па возеры забаронена катацца на маторных лодках і катамаранах, можна толькі на чоўне. Пасля адпачынку на возеры мы паехалі ў старажытную сталіцу Вялікага княства Літоўскага – Наваградак. Тут мы павячэралі, засяліліся ў гатэль, дзе змаглі нармальна памыцца, бо была гарачая вада, а дзень быў спякотны. Вечарам пайшлі на Замкаву гару сузіраць на ўцалелую сцяну замка, а таксама ўзняліся на курган, насыпаны ў гонар Адама Міцкевіча. Яго вышыня прыкладна 18 метраў. Адтуль паглядзелі на зорнае неба і вярнуляся ў гатэль, спаць…

Субота, 26 ліпеня

Паснедалі ў Наваградку і вярнуліся ў Гародню. Страшэнна стаміліся, таму ўсю палову дня адпачывалі і інтэграваліся.

Нядзеля, 27 ліпеня

Увесь дзень вялі падрыхтоўку да фотавыставы, якая павінна была адбыцца на наступны дзень. Мы апрацоўвалі тэксты інтэрв’ю, адбіралі фотаздымкі. Увечары правялі беларуска-нямецкую вечарыну. Немцы гатавалі сваю нацыянальную страву, а беларусы – сваю. Натуральна, што беларускія ўдзельнікі палічылі нацыянальнай стравай дранікі, немцы прыгатавалі штосьці кшталту пунша і салаты. Пасля ўсе згулялі ў футбол і правялі келіх-кола – гэта такая беларуская традыцыя, калі кубак з пітвом пускаецца па коле людзей, кожны бярэ келіх і выказвае іншым пажаданне. Келіх ходзіць па коле да таго часу, пакуль у ім не скончыцца пітво, пасля келіх разбіваецца і кожны бярэ сабе па кавалачку на памяць. Так і зрабілі…. Пасля ўсе разышліся.

Панядзелак, 28 ліпеня

 

Працягвалі рыхтавацца да фотавыставы: раздрукоўвалі тэксты, здымкі, афармлялі памяшканне для выставы. І вось нарэшце ўрачысты момант: адкрыццё выставы - тое, над чым мы працавалі цэлы тыдзень. Акрамя нас, удзельнікаў, прыйшлі іншыя людзі, сярод якіх былі і героі нашай фотавыставы. Прысутнічала тут і самая маленькая гераіня разам са сваёй мамай. Нам падалося, што імпрэза ўдалася.

Пасля фотавыставы, як і ў першы дзень, пайшлі адпачываць у Каложскі парк, дзе скончылі вечар беларускімі гульнямі і нямецкімі песнямі.

 

 

 

 

 
Аўторак, 29 ліпеня

Самы сумны дзень у гісторыі праекта, паколькі ён быў апошнім… Прыйшоў час развітвацца. У гэты дзень мы абмяняліся кампліментамі і падарункамі. Пасля правялі гасцей з Германіі на чыгуначны вакзал, і самыя таксама пачалі раз’язджацца і разыходдзіцца хто куды…

 

Яўген КАЛАЎРОТ

 

Каментарыi 

  1. #9 inga
    2008-08-0521:45:15 Elisabeth, thank you very much for your words. I'll try to translate this text for you in English.Thise article was wrote in Belarussian, but not in Russian.
  2. #8 elisabeth
    2008-08-0419:21:58 unfortunatly i can't read the russian part, but i want to say thank you for this great workshop once again. it was a very intense time and i hope it was not the last! sending good vibes from germany
  3. #7 Inha to krejdaj na asfalce
    2008-08-0221:45:17 mne piar ne patreben, pra nas, jak bylo bachna z artykula, i tak dzarzhaunyja sluzhby vedajuc :))))))
  4. #6 MShmel 2 крэйдай па асфальце
    2008-08-0123:48:21 Лічыцца, што на гэтай пляцоўцы людцы толькі вучацца пісаць. У кастрычніку прыйдуць новыя, вось тады пачытаеце сапраўднае дылетанцтва :))
  5. #5 крэйдай па асфальце
    2008-08-0117:41:55 Слухайце, ну такія рэчы можна ў сябе ў ЖЖ пісаць, максымум, але ж не на сайце. Гэта ж дылетанства страшнае, прычым ураджаньне такое, што каардынатарка Інга альбо сама пра сябе пісала пад псеўданімам, альбо заплаціла аўтару Яўгену за піяр. Слабы матэрыял. Шчыра. І з пункту гледжаньня лёгікі і фактаў, і з пункту гледжаньня стылістыкі. На 4 бала па 10 бальнай шкале.
  6. #4 jahorau
    2008-08-0116:39:00 эх, як хочацца з вамі тусануцца! ды інтэгравацца! :)
  7. #3 Калаўрот
    2008-08-0111:33:08 калі ласка :)
  8. #2 alieshka
    2008-08-0111:31:40 ja taksama dumala, shto rehistracyja tolki praz miesiac, alie niadauna da mianie pryjazdzhau siabar z Italii i praz 3 dni musili jamu afarmliac rehistracyju :)
  9. #1 MShmel
    2008-08-0100:26:31 дзякуй, было цікава пачытаць. праўда, мне здавалася, што абавязак рэгістрацыі для іншаземцаў адмянілі, калі тыя прабываюць у РБ менш за месяц.

Дадаць каментарый

Тлусты Курсiў Падкрэслены Закрэслены Спасылка Малюнак Цытата

Ахоўны код
Абнавіць

« Папярэд.   Наст. »
Слухай "Твой Стыль"
02.10.2008 г.
Якія магчымасці чалавечага голасу? Пра акапэльны джаз, рок і беларускіх музыкаў ў размове з мастацкім кіраўніком акапэльнага гурта "Камерата" Ігарам Мельнікавам.
(06:15 хв., 2,14 МБ) Спампаваць

26.09.2008 г.

Актуальныя дробязі Гародні і свету. Гэтым разам вы даведаецеся, адкуль пайшлі джынсы і што збіраўся рабіць з джынсавай тканіны Леві Штраус. А таксама наколькі рэальныя джынсы “Made in Belarus”?
(03:37 хв., 1,25 MБ) Спампаваць

26.09.2008 г.

Каханне – Божы провід ці карпатлівая праца абодвух? Гісторыя нараджэння сям’і грэка-каталіцкага святара на “Тваім Стылі”.


(12:58 хв., 4, 45 МБ) Спампаваць

22.09.2008 г.
Што думаюць гарадзенцы пра новы гіпермаркет "АЛМІ"? Рэпартаж з чаргі да касы слухайце на “Тваім стылі”.
(2:47 хв., 984 KБ) Спампаваць

13.09.2008 г.
Якім правапісам лепш кіравацца – класічнай “тарашкевіцай” ці сучаснай “наркамаўкай”? Якому з гэтых правапісаў аддаюць перавагу гарадзенцы? Пра гэта слухайце на “Тваім Стылі”.
(10:33 хв., 3,62 МБ) Спампаваць

29.08.2008 г.
Якім чынам супольная справа можа аб’яднаць двух людзей? Што варта лічыць сапраўдным каханнем? Пра гэта і многае іншае слухайце на “Тваім Стылі” з аповядаў Алеся Пятровіча і Людмілы Пятроўны Госцевых
(11:40 хв., 4,00 МБ) Спампаваць

29.08.2008 г.
У чарговым выпуску “Стыльнай кухні” тры шыкоўныя рэцэпты рыбных страў. Ашчадныя для “маладога” кашалька!
(4:55 хв., 1.69 МБ) Спампаваць

усе праграмы >>>

Апытанне

На якія сайты вы заходзіце ў першую чаргу

Нашыя ўзнагароды

Прэмія імя Уладзімера Каткоўскага Дыплом за другое месца ў намінацыі "Мая Беларусь"



Дадай Твой Стыль у Yandex-Стужку

Add to Google Reader or Homepage








 Перадрукоўка матэрыялаў сайта дазваляецца
 толькі са спасылкай на крыніцу з указаннем аўтара.
 Наш электронны адрас: info@t-styl.info
Каталог TUT.BY Гродненский Форум.
DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск adukatar.net susvet.info TUT.BY