| МУЗЕЙ БЫКАВА ШУКАЕ ПАМЯШКАННЕ |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 27.09.2007 г. | |
Улады горада паабяцалі яго знайсці. “Пакуль гэтая падтрымка толькі на словах. Але мы ўдзячны і за тое, што нас пачулі,- кажа заснавальнік музея, старшыня ГА “Ветэранаў вайны, працы і ўзброенных сіл” Мікалай Мельнікаў, - Хацелася б, канешне, каб працэс перамоваў ішоў хутчэй, каб ад жадання дапамагчы справа перайшла да канкрэтнай дапамогі”.Ветэраны адкрылі музей у сваім офісе яшчэ ў 2003 годзе, адразу ж пасля смерці пісьменніка. Пры ім дзейнічае і бібліятэка. Месца катастрафічна не хапае. Зараз у музеі змяшчаюцца толькі дакументы, фота, лісты, некалькі рэчаў Васіля Быкава, успаміны яго сяброў. Жонка пісьменніка, Ірына Міхайлаўна, згодна аддаць яго асабістыя рэчы і нават мэблю - было б куды паставіць. “Мы стварылі гэты музей для таго, каб людзі, прыйшоўшы сюды, знайшлі, вывучылі і зразумелі для сябе Быкава,”- кажа Мікалай Мельнікаў. Праблема памяшкання не адзіная для музея. Тут няма нават належных стэндаў, кампутара, сістэмы аховы, абсталявання, каб паслухаць запісы з голасам самога Быкава. Бюст беларускага класіка стаіць на спісанай драўлянай кафедры, партрэт пісьменніка чакае рамкі. Заснавальнікі музея шукаюць дапамогі і спадзяюцца, што пасля пераезду памяшканне прыме належны стан. Гарадзенскі музей Васіля Быкава другі ў Беларусі. Першы знаходзіцца на радзіме пісьменніка ва Ушачскім раёне і прысвечаны яго юнацтву. У Гародні ж Быкаў правёў большую частку свайго жыцця, тут напісаў свае лепшыя творы. Музей збірае ўсе магчымыя звесткі пра жыцце і творчасць пісьменніка. “Каб можна было, мы б тут палац Быкава адкрылі б і вуліцу яго імем назвалі. На Украіне, дзе Быкаў колькі часу жыў, такая ёсць, а ў нас няма!” – кажа хавальнік музея Аляксей Дземідовіч. Надзея Завіноўская |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|













