| СЭНС АДЗІН, ТОЛЬКІ РОЗНЫЯ МАЛЮНКІ... |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 03.01.2008 г. | |
|
Трэба сказаць спачатку, што сам аўтар гэтага артыкулу ніколі не шукаў новых спосабаў спусціць грошы і ніякім чынам не належыць да людзей азартных. Месцаў, дзе можна прайграць свае кроўныя, ў Гародні дастаткова. Большасьць – гэта букмекерскія канторы і салоны гульнёвых аўтаматаў. Па ініцыятыве сяброў, мне давялося наведаць клюб “Слот”. Так як прынцыповай розьніцы паміж салонамі няма, то ён можа служыць паказальным прыкладам. Першае, на што зьвярнуў увагу – адсутнасьць прыгожай падлогі ў зале. Наведвальнікі, гэта моладзь шаснаццаці-дваццаці пяці гадоў, навошта ім падлога? Тым больш, салон асьвятляецца прыглушаным сьвятлом, а з калонак гучыць папсовая музычка, што мае на мэце натхніць народ на большыя стаўкі. Ігральных месцаў каля 15, столькі ж звычайна й гульцоў у залі, затое назіральнікаў і дарадчыкаў у разы больш. Атмасфэра пануе даволі ўтульная. Гульцы не шкадуюць ненавісныя машыны: з громкім стукам б’юць па клавішах, калі ж і гэта не дапамагае, аўтаматам дастаецца па ўсяму корпусу, нават па экране. Але ўсё дарэмна, відаць, іх канструктары прадугледзелі, што карыстальнікі не заўсёды будуць задаволеныя вынікамі гульні. Таму ў гэтым баі чалавек цалкам прайграе машыне. Вось вы ў клюбе, трымаеце ў руках грошы, і няведаеце за які аўтамат сесьці. Гэтае пытаньне вырашаецца даволі проста. Нягледзячы на розныя малюнкі на карпусах машын, і розныя назвы гульняў, прынцып амаль не адрозьніваецца. Ці то вашым нібы апанентам будзе здольная размаўляць трускалка, ці палезеце ў горы разам з маладым альпіністам, можна пагуляць з абкураным бармэнам, альбо нават са Штырліцам. “Сэнс адзін, толькі розныя малюнкі”, – усьміхаючыся паведаміў заўсёдашні наведвальнік салону Макс. Што далей? Аўтамат праглынуў вашыя грошы, вы з азартам б’еце па клавішах, але чагосьці нестае...Калі гэтае “нешта” – піва, то не зьвяртайце ўвагі на лісток паперы ў цёмным кутку, што забараняе піць сьпіртныя напоі ў зале. Калі вы нікому не перашкаджаеце, то й вам ніхто слова не скажа. У выпадку калі граеце ноччу, то вам нават запрапануюць дармовае кавы, каб не заснулі падчас гульні. Уявім сабе, што вы выйгралі, і ўжо хочаце забраць грошы, але не ўсё гэтак проста! У розных клюбах розныя правілы. Па першае: мінімум патрэбны “мінімум” каб пачаць гульню, які ў адным месце складае тысячу рублёў, у іншым – ужо пяць. Падобная справа і з выйгрышамі: нельга кінуць тысячу, выйграць тысячу і забраць грошы. Бо існуе таксама “мінімум”, зь якога грошы можна зьняць. Ён таксама адрозьніваецца ў залежнасьці ад клюбу. Ёсьць яшчэ адзін клопат, бо для таго каб зьняць выйгрыш, неабходна даць аміністратару нумар свайго пашпарта. А калі выпадкова вам няма васемнаццаці гадоў, то ў большасьці клюбах грошы гэтак проста не атрымаеце. Але ж можна неяк дамовіцца з адмінам. Калі ж гэта не атрымоўваецца, то прыдзецца шукаць дапамогі ў каго-небудзь побач, што мае шчасьце быць крыху старэйшым ад вас. Галоўнае ў гэтай справе: ў час спыніцца, бо аўтамат без усялякіх згрызот сумленьня можа з’есьці ўсе грошы, а вы гэтага нават ня заўважыце. Часамі гэта дзейнічае на людзей як наркотык, на маіх вачах чалавек прайграў трыста тысяч. Гэта аказалася паловай яго зарплаты, але суму на твары я не заўважыў, наадварот – ён зь цікавасцю сачыў за гульнёй іншых і даваў парады. Найгорш, калі сур’ёзна ўцягваецца моладзь, што яшчэ не зарабляе сабе на жыцьцё. Вядомы выпадак, калі хлопец атрымаў ад бацькоў грошы, каб заплаціць за школу і усё прайграў на аўтаматах. Усё ж такі, як бы скептычна не ставіўся аўтар да самой ідэі гульні на грошы, яму пашансавала і сваю тысячу ўдалося ператварыць у шэсьць. Усевалад ШЛЫКАЎ |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












