| ВЯДОМЫЯ МУЗЫКІ АБ РЭКАНСТРУКЦЫІ |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 10.05.2007 г. | |
|
Мы працягваем апытанне знакамітых беларусаў, неабыякавых да лёсу сваей Бацькаўшчыны, гісторыі і культуры. На гэтым тыдні меркаваннямі з чытачамі “Твайго Стылю” дзеляцца беларускія музыкі.
Стас Пачобут: Тое, што зрабілі з Гародняй – жах. Для мяне гэта не рэканструкцыя, а знішчэнне. Сёння страшна прайсці па Савецкай плошчы. Сярод гарадзенцаў шмат незадаволеных гэтым. І да той пары, пакуль грамадскія ініцыятывы не будуць мець палітычнай афарбоўкі, то цалкам рэальна, што гэта праца прынясе плён.
Сяргей Фінскі, гурт “Айша”: Да “рэканструкцыі” стаўлюся, канешне, адмоўна. Праблемы з транспартам неабходна вырашаць, але не знішчаць дзеля гэтага старыя будынкі. Неабходна знайсці баланс. Грамадскія ініцыятывы – гэта здорава. Аднак, можа, варта замест трох дробязных неэфектыўных рэчаў зрабіць адну эфектыўную? Падключыць ЮНЭСКА, напрыклад. Заангажаваць чыноўніка...
Віктар Шалкевіч: Старая Гародня – частка нашай культуры. Ламаць гэту спадчыну – вялізная бессэнсоўнасць. У Заходняй Эўропе за кожную драўляную палку клапоцяцца. Не гледзячы на сённяшнія ўмовы, інтэлігенцыя, адукаваныя людзі, павінны выказаць сваё слова.
Андрусь Такіданг, гурт “Рэха”: Вельмі дрэнна, калі за кошт гістарычнай спадчыны пашыраюць інфраструктуру. Дзейснасць грамадскіх ініцыятыў, думаю, залежыць ад колькасці заангажаваных у гэту справу людзей. Таксама мае значэнне розгалас у прэсе.
Саша Дзянісаў, лідэр Кальяна: Негатыўна стаўлюся да рэканструкцыі.Ведаю пра тое, што створаны адмысловы грамадскі рух. Падтрымліваю гэта. Калі мы нічога не будзем прадпрымаць, тады яны зробяць тое, што з Савецкай плошчай.
Руся, гурт “Індыга”: Наступны маразм уладаў, так хутка гісторыі ўвогуле не застанецца. На сённяшні дзень Горадня – адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, у якім захавалася вялікая колькасць гістарычных помнікаў. На жаль, у Беларусі не існуе інстытуцыяў, якія б займаліся рэканструкцыяй прафесійна, таму нярэдка справа сводзіцца да таго, каб штосці падмазаць алейнай фарбай, схаваць... а часам і да культурнага забойніцтва. Калі ў моладзді Горадні хопіць сілаў перамагчы, я буду вельмі радая. Спадзяюся, што ўсё у вас атрымаецца!
Хрысціна Марчук Алінка Новік |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|











