| БЕЛАРУСКАЯ ЭЛІТА: ХТО ЯНЫ? |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 27.12.2007 г. | |
“Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт”. Такую назву мае кніга, прэзентацыя якой адбылася на днях. Гэта збор інтэрв’ю з рознымі групамі беларускіх эліт на тэмы беларускай ідэнтычнасці, узаемаадносінаў Беларусі з еўрапейскімі краінамі і Расіяй. Аднак, пытанне ўключэння таго ці іншага дзеяча ў шэрагі беларускай эліты аказалася даволі спрэчным.Кніга не задаволіла ні афіцыйныя (ужо нават назвай), ні апазіцыйныя структуры (перш за ўсё складам рэспандэнтаў). Па словах рэдактара кнігі Валера Булгакава, кіраўніцтва БНФ абурылася ўключэннем у склад беларускай эліты такіх асобаў як В.Абрамава, С.Касцян, У.Янчэўскі. “Тое, што тут прысутнічае афіцыйная эліта – хутчэй, плюс, а не мінус кнігі, – падкрэслівае В.Булгакаў. – Кніга хоць і правакацыйная, але вельмі сумная. Яна паказвае, наколькі шырокія і глыбокія лініі падзелу існуюць у асяроддзі беларускай эліты”. Да прыкладу ён прывёў пытанне беларускай ідэнтычнасці: толькі 4 з 30 рэспандэнтаў указваюць на абавязковую прысутнасць у ёй беларускай мовы, некторыя ж дзеячы дэмакратычнага сектару мяркуюць, што беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці не існуе, яе яшчэ толькі належыць стварыць. Незалежны палітолаг Віталь Сіліцкі лічыць, што ў Беларусі “дэфіцыт сапраўдных элітаў”. Эліта павінна прапаноўваць перспектывы грамадству, а большасць нашых дзеячоў, на яго думку, займаецца трансляцыяй масавай свядомасці. Дык хто яны – беларуская эліта? Пытанне, што такое эліта, не атрымала адназначнага адказу. Валер Булгакаў: “Гэта людзі, якія здольны прапаноўваць ідэі для інтэрпрэтацыі палітыкі ці палітычнай, культурнай, эканамічнай і іншай сітуацыі, якія ідуць уразрэз з масавымі, стэрэатыпнымі ўяўленнямі”. Анжаліка Борыс, адна з рэспандэнтаў кнігі Булгакава, лідэр польскай меншасці ў Беларусі, элітай лічыць перш за ўсё чалавека з яго інтэлектуальнай паставай, які ведае, хто ён і адкуль. Кася Камоцкая, адна з рэспандэнтаў кнігі, рок-спявачка, акрэслівае эліту як выразніка народных думак і памкненняў. Алесь Міхалевіч, адзін з рэспандэнтаў, палітык, да эліты адносіць тыя колы людзей, якія думаюць пра развіццё сваёй краіны, дзейнічаюць на яе карысць. Пётр Марцаў, галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты”, аналітык, адзначае, што як правіла, гэта найбольш актыўная і адукаваная частка насельніцтва. На пытанне, каго можна аднесці да беларускай эліты, адказы таксама неадназначныя. В.Булгакаў: “Гэта досыць шырокая супольнасць людзей, якая не зводзіцца толькі да класу апазіцыйных ці прадзяржаўных палітыкаў або навукоўцаў. Гэта могуць быць дзеячы культуры ці нават спартоўцы”. Спорт, культура, мастацтва, палітыка, навука, адукацыя – гэта тыя сферы, з якіх выбіраліся рэспандэнты для кнігі “Беларусь: ні Эўропа, ні Расея”. На інтэрв’ю не згадзіліся “спартоўцы і бізнэсоўцы”. Іх адмова “паказвае, у якіх сферах беларускага грамадства прэсінг дзяржавы наймацнейшы”. У выніку толькі 30 з 75 чалавек згадзіліся ўдзельнічаць у праекце. “Кніга выйшла з крыху зсунутым цэнтрам цяжару. Нейкія элітныя групы проста выпалі”,– тлумачыць рэдактар. А.Борыс да прадстаўнікоў беларускай эліты аднесла Аляксандра Мілінкевіча, арганізацыю “Малады фронт”. К.Камоцкая адзначыла, што на сённяшні дзень у нашым падзеленым грамадстве эліты таксама падзелены. У нас “вакуумна існуюць” дзве Беларусі. Яркім прадстаўніком беларускай эліты называе Васіля Быкава, прыгадваючы, што на яго пахаванне сабраліся людзі з абодвух полюсаў. А.Міхалевіч да кола беларускіх элітаў залічвае людзей творчых, палітыкаў, якія дзейнічаюць на карысць краіны. Гэта могуць быць і эканамісты, і бізнесмены. Незалежна ад нацыянальнасці, гэта людзі, якім неабыякавы лёс Беларусі. Пэўная частка людзей, на яго думку, элітай з’яўляецца толькі паводле фармальных крытэраў. П.Марцаў лічыць, што наша эліта мала чым адрозніваецца ад іншых. Але паколькі дзяржава маладая, то і эліта таксама маладая і яшчэ слабая. А ці адносяць рэспандэнты сябе да беларускай эліты? А.Борыс пакінула гэтае пытанне на суд грамадства. К.Камоцкая пагадзілася, што для пэўнай часткі насельніцтва яна ёсць эліта. А.Міхалевіч лічыць сябе часткай беларускай эліты. Якія задачы стаяць перад беларускай элітай на сённяшні дзень? А.Борыс лічыць, што эліта павінна пашыраць і развіваць культуру, мову, дбаць пра свой край. К.Камоцкая таксама мяркуе, што, як і сто год таму, гэта задачы адукацыйна-асветніцкага плану, бо, на жаль, у сённяшніх умовах іншыя задачы пакуль што вырашаць немагчыма. Аднак, сапраўдных волатаў сярод нашай эліты яна не бачыць. А.Міхалевіч асноўнай задачай бачыць вызначэнне напрамку развіцця Беларусі і гарантаванне развіцця краіны. На думку П.Марцава, элітныя групы, якія зараз існуюць у Беларусі па-рознаму бачаць яе будучыню. Яны павінны дамовіцца і выбраць адзіны шлях развіцця краіны. Прыведзеныя меркаванні адлюстроўваюць агульны спектр поглядаў грамадства адносна пытання эліт. Да беларускай эліты можна залічваць даволі шырокае кола людзей. Аднак, неаднароднасць нашай эліты параджае ў грамадстве неаднароднасць поглядаў і на яе саму. Вольга ЖУК На здымку Валеры Булгакаў |
| « Папярэд. |
|---|














