| КАЛЕКТЫЎ, ЯКІ БОЖАНЬКА ПАСЕ |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 10.01.2008 г. | |
|
Зоркі? Не, задробна. Такіх хораў у Беларусі больш няма. Ён унікальны. Як і ягоная заснавальніца і кіраўнічка – Вера Васільеўна Кунцэвіч, якую мы запрасілі на размову. – Менавіта духоўную музыку спяваюць многа гуртоў і ў Беларусі, і ў Гародні. Але каб большасць твораў былі беларускія, або цалкам беларускія – такіх, нажаль, няма. Была “Унія”, зараз яна не працуе. Болей калектываў я не ведаю. А ўключаюць у рэпертуар беларускія творы ўсе паважаючыя сябе харавыя гурты.У нас у Гародні ёсць “Капэла”. Таксама калектыў “Дойлідзтва”, і калектывы вучэльняў – універсітэту, музычнай вучэльні, мастацтваў – усе яны ўключаюць беларускія творы. Але такіх гуртоў, як “Бацькаўшчына”, на Гарадзеншчыне і ў Беларусі, наколькі я ведаю, няма. – Па-сутнасці, вы займаеце сваю ўнікальную нішу ў беларускай музычнай культуры? – Так, мы аматарскі гурт, які цалкам базуецца на беларускай духоўнай музыцы. Гэта рэдка, пачэсна і для нас мае вялікае значэнне. Гэта наш стрыжань. Я лічу, што мы нейкае звяно ў ланцугу харавога мастацтва, можа, маленькае, не такое, як усе, але мы не даем згінуць вось гэтай старонцы нашай духоўнай спадчыны, менавіта харавой творчасці беларускай духоўнай музыцы. Нашы малітвы вельмі старадаўнія, напрыклад, “Багародзічна”, якая датуецца 17-18 стагоддзямі, і навукоўцы дапускаюць, што магчыма, і 16-ым, калі не раней. – На ваш погляд, хто ваш слухач? – Я думаю, па-першае, мы маем пастаяннага слухача, які на працягу доўгага часу цікавіцца беларускай культурай, які не можа пачуць беларускія духоўныя творы на радыё і БТ. Гэта людзі, якім цікава пачуць, як гучыць беларуская мова ў нацыянальнай духоўнай музыцы. Таксама наш слухач з высокай свядомасцю, з адказнасцю да захавання нацыянальнай самабытнай культуры. Ці выпадковыя людзі, якія становяцца потым нашымі слухачамі. А бывае, выпадкова хто паслухае, падзякуе і адыдзе. Але слухач ёсць заўсёды. – А што дае спяванне ў хоры самім яго удзельнікам? – Дзякуй за пытанне. Справа ў тым, што гэта не проста праца. Гэта пражыванне нейкай часткі свайго жыцця ў блізкім асяродку. Спяваюць людзі, якія сэрцам прывязаныя да харавога гучання, да нацыянальнай культуры, да мовы. І таму ім проста асалода спяваць, бачыцца і размаўляць, асалода дзяліцца думкамі, навінамі… Мы нават сямейныя святы адзначаем разам. – З якімі праблемамі сутыкаецца сёння хор “Бацькаўшчына”? – Ведаеце, самае складанае пытанне – людзі. Удзельнікі хору – жывыя людзі, са сваімі клопатамі і праблемамі. І таму, калі збіраемся на рэпетыцыі, то поўны збор хору здараецца рэдка. Гэта жыццё. Але калі бываюць канцэрты, то безумоўна, збіраюцца ўсе. Сёння маем вялікую патрэбу ў папаўненні мужчынскай паловы хору, не хапае маладых мужчынскіх галасоў. Хацелася б, каб да нас прыйшла моладзь, якая змагла б падхапіць эстафету. – Ці атрымліваеце вы нейкую дапамогу, падтрымку ад дзяржаўных структур ці нейкіх мецэнатаў? – На жаль, не. Раней была дапамога ад ГА “Ратуша”, якая друкавала нашыя ноты, зараз з гэтым дапамагае “Трэці сектар”. Увогуле дзяржаўнай падтрымкі не маем. Мы існуем як калектыў, які, я заўсёды кажу, Божанька пасе. Богу патрэбная такая справа, і мы існуем. Але нас слухаюць, безумоўна. Мы выступаем на розных пляцоўках – дзяржаўных устаноў, на святы ў храмах. Нам не перашкаджаюць, і гэта добра. – Якім вам бачыцца хор “Бацькаўшчына” праз пяць гадоў? – Пяць гадоў – гэта даволі вялікая часавая адлегласць… Па-першае, маё дзіцятка будзе жыць, і я разам з ім. Гэта будзе, можа, трошкі большая, папоўненая рэпертуарам група. Па-другое, я хачу, і думаю, мы зробім, запісы нашых спеваў. Таму мы будзем гучаць не толькі ўжывую, але і ў запісах на дыску. Будзем удзельнічаць у нейкіх фэстах. Станем багацейшымі – на рэпертуар, удзельнікаў, геаграфію нашых канцэртаў і выступаў. Гутарыла Алеся БЯЛЕНІК Фота Юры СЕДЗЯНЕЎСКАГА |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












