| ШЛЯХАМ ВОЛІ І СУМЛЕННЯ |
|
|
| Піша Андрэй БАРТАШЭВІЧ | |
| 20.03.2008 г. | |
|
...Ідэя аднаўлення Беларускай Дзяржаўнасці запанавала сэрцамі беларусаў падчас I-й Сусветнай вайны, калі стала відавочнай параза царскай Расіі, калі суседзі абудзіліся ад шматвекавога сну, калі лепшыя творы напісалі М.Багдановіч і Карусь Каганец, малады Янка Купала і Цішка Гартны, М.Гарэцкі і Цётка...
Пасля кастрычніцкіх падзей беларускія дзеячы імкнуцца да пабудовы самастойнага Беларускага Гаспадарства (дзяржавы). Разгон Усебеларускага З’езду і продаж беларускіх земляў Германіі надалі рашучасці будучым лідэрам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ужо 9 сакавіка 1918 года выканкам З’езду абвяшчае стварэнне БНР, а 25 сакавіка чарговай Устаўной Граматай Беларусь абвяшчалася самастойнай і незалежнай. Суседнія краіны, асабліва Расія і Польшча не былі гатовыя бачыць вольную Беларусь, нямецкія ўлады разглядалі беларускія землі як заклад пад абяцаныя бальшавікамі грошы. Нягледзячы на цяжкія ўмовы маладую БНР адразу прызнае Украіна, Літва, Чэхаславакія, Фінляндыя, дыпмісіі Беларусі працуюць у Бонне, Капенгагене, Лондане, Рызе, Парыжы. Беларускі ўрад займаецца пытаннямі культуры і гаспадаркі, будуе ўласную знешнюю палітыку. Паражэнне Германіі, націск з Усходу і з боку панскай Польшчы падарвалі і без таго хісткае становішча ўрада БНР, які ўжо ў сакавіку 1919 г. пераходзіць на эміграцыю, а ў 1925 г. заяўляе аб самароспуску... Гісторыкі і публіцысты, палітыкі і пісьменнікі да гэтай пары спрачаюцца пра статус БНР, ступень яе самастойнасці, значэнне. Не варта. Незалежная БНР стала сымбалем, феноменам эпохі, этапам нацыянальнай свядомасці. У гісторыі Беларусі цягам апошніх 100 год усё пачыналася і скончвалася Ідэяй БНР – ідэяй самастойнасці, справялівасці, аднаўлення гістарычнай памяці. Акт 25 сакавіка надае ўпэўненасці, дае прыклад і скіроўвае нас, нашчадкаў, на кручасты шлях змагання за нацыянальныя каштоўнасці і народаўладдзе, за ўласны гонар і годнасць... Андрэй БАРТАШЭВІЧ |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|













