| З ЧАГО СКЛАДАЕЦЦА БАЛЕТ… |
|
|
| Піша Лёва ЛЕОНТ | |
| 18.09.2008 г. | |
|
Мінімалізм, які панаваў на сцэне Абласной філармоніі, – справа вымушаная. Усім зразумела, што «абласная філармонія» як была палацам культуры, так ім і засталася. Таму і героі знакамітага «Шчалкунчыка» стукалі пуантамі па падлозе, якая больш прыстасавана для народных танцаў… Таму і сціплыя дэкарацыі былі больш падобныя на правінцыяльную дзіцячую «Елку», чым на казачны баль з прынцам і прынцэсай… Таму і фанаграма, як ні стараліся гукааператары, заставалася фанаграмай. А які балет можа абыйсціся без сапраўднага сімфанічнага аркестру? Тым больш, калі гучыць Чайкоўскі, тым больш, клі гэта «Шчалкунчык», дзе кожная музычная фраза знаёмая нам з дзяцінства? Дзіўна, што горад, які апрануўся ў тратуарную плітку, як у скафандр, з не менш касмічным коштам за яе, не можа дазволіць сабе звычайную аркестровую яму… Дзякуй, што яшчэ нехта «класічны» пагаджаецца гастраляваць у некалі тэатральным Гродна. Няхай гэта і другаскладная трупа з выпускнікоў харэаграфічнага вучылішча, але паўнюткая зала і каментары ў антракце адлюстроўвалі жаданне гродзенцаў выйсці па-за межы папсы і народных гулянняў на бясконцых гарадскіх святах. Не ведаю, якія пачуцці атрымалі тыя, хто глядзеў «Лебядзінае возера» (балет больш складаны, меланхалічны ды і проста доўгі, на якім скаладана ўтрымацца на хвалі высокага мастацтва і пры поўным наборы неабходных рэчываў – аркестру, касцюмаў, дэкарацый і г.д.), гледачы «Шчалкунчыка» усё ж такі дакрануліся да чароўнага сімбіёзу Гофмана-Чайкоўскага. Што было прывабным? Маладосць выканаўцаў. Некалькі знаходак у нацыянальных нумарах – усходнім танцы, кітайскім танцы. Тое, як чароўна і нерухома сядзеў кардэбалет, паклаўшы ножку на ножку. Некалькі чыстых фуэтэ і высокіх антраша. Капронавыя пачкі і атласныя пуанты, якія прапаноўваліся ў якасці сувеніраў пры ўваходзе на прадстаўленне. І адна замова маладога чалавека вельмі небяспечнага выгляду (брытая галава, скураная куртка, тату на руцэ): – Эх! Аднойчы быў у Маскве, на балеце… Малая зацягнула. Дык там аркестр, аж мураші па хрыбеце. Нельга не пагадзіцца. Калі з арекстровай ямы (далася яна мне!) яшчэ да пачатку спектакля даносяцца гукі інструментаў, якія ладзяць выканаўцы, а па зале перакатваецца хвалюючы шапаток гледачоў і шамаценне праграмак, гэта і ёсць пачатак высокага мастацтва, той самы вешачок, з якога пачынаецца балет. Лёва ЛЕОНТ Фота, прабачце, не з Палацу хімікаў (няхай сабе і Філармоніі), а з сайта БДТ. |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












