| БЕЛАЯ СУКЕНАЧКА ЛЯ ГАЮ ПРАМІЛЬГНУЛА, ЯК МАЁ ЖЫЦЦЁ… |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 10.01.2008 г. | |
|
Сяргей Іванавіч нарадзіўся ў глухой вёсцы. Але побач з хатай знаходзілася чыгуначная станцыя. І калі Сяржук быў маленькім, то заўжды сядзеў і слухаў гудкі цягнікоў, праводзіў позіркам вагоны і марыў хутчэй паехаць з вёскі ў горад, пабачыць, як яму тады здавалася, вялікі свет. Яго бацькі былі настаўнікамі. Бацька – былы франтавік, выкладаў расейскую мову, а маці – клапацілася з пачатковымі класамі. У сям”і было пяцёра дзяцей: тры сыны і дзве дачкі. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. – Сяргей Іванавіч, калі ўсё ж такі спраўдзілася мара, вы пакінулі вёску і паехалі ў горад? – Скончыўшы школу, я паступіў у Віцебскі педагагічны ўніверсітэт. Вучыўся на настаўніка роднай мовы і літаратуры. Пасля атрымання дыплома, паехаў працаваць у Барысаўскі раён, спачатку – настаўнікам, потым – завучам. За гады працы ў школе вельмі палюбіў сваіх вучняў і яны таксама шанавалі і паважалі мяне. Пасля я працаваў у раённай газеце. Ехаў па справах у горад на машыне і трапіў у аварыю. У мяне было раздроблена плячо. Быў вельмі доўгі рэабілітацыйны перыяд. Калі здарылася катастрофа ў Чарнобылі, паехаў туды ў ролі ліквідатара. Лічыў сваім галоўным абавязкам дапамагаць людзям у такі цяжкі перыяд жыцця. – Якая жыццёвая сцежка прывяла вас у Менск? – Сталіцу я наведваў вельмі часта. Там я пасябраваў са шматлікімі беларускімі пісьменнікамі і творчымі людзьмі. А потым ды і ўвогуле перабраўся ў Менск. Працаваў у сектары мастацкай літаратуры ЦК КПБ. Адразу пасябраваў з П.М.Машэравым. Я дапамагаў яму пісаць прамову, якую ён пасля чытаў на трактарным заводзе. Бараніў кнігі таленавітых пісьменнікаў і паэтаў. Настойваў на тым , каб яны выходзілі ў друк. – Колькі гадоў вы працавалі галоўным рэдактарам “Полымя”? – Шэсць гадоў. Я прыйшоў у рэдакцыю яшчэ зусім маладым. 29 снежня 1986 года адбылося маё знаёмства з калегамі. Падчас прадстаўлення ў пакой увайшоў Васіль Уладзіміравіч Быкаў з букетам чырвоных руж. Зімой – ружы, ўяуляеш? Ён падараваў мне іх, і сказаў, што з гэтага часу ён будзе друкавацца толькі ў “Полымі”. Такім чынам ён хацеў падтрымаць мяне на новым месцы працы. Толькі пасля Быкаў распавёў мне, што ружы ён узяў у батанічным садзе, па блату (смяецца). – Каго вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”? – Уладзіміра Караткевіча. Ён быў не толькі маім любімцам, але і добрым сябрам майго бацькі. Часта меў гасціны ў нашай вёсцы. – А ці пішаце вы дзённік? – Так, нейкія адметныя дні, назіранні, пачуцці занатоўваю. Дома ў мяне вельмі шмат такіх запісаў. Увогуле ў маім пакоі вельмі шмат кніг: любімых аўтараў, уласныя (свет пабачыла ўжо 18 маіх кніг), перапіска з Быкавым...Цэлы архіў (смяецца). – Да якіх тэхнічных прыладаў вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая асадка, дыктафон, кампутар?.. – Я пішу заўжды асадкай альбо алоўкам . Да тэхнічных сродкаў яшчэ не звыкся. Не магу працаваць на кампутары. Калі пішу першыя радкі, адчуваю гарачыню на кончыках пальцаў. Гэта адчуванне можна перадаць на паперу толькі з дапамогай асадкі. – А ці ёсць у вас дзеці? – Дзве дачкі. Старэйшая выкладае ў Акадэміі мастацтваў, афармляе кнігі. У прыватнасці – мае. Афармляла вокладкі кнігам Быкава. У мяне нават ужо ўнучкі ёсць: Марынка і Франак. Марынка нават просіць, каб я вершы маленькія пісаў, бо іх прасцей вучыць. – Сяргей Іванавіч, вы шчаслівы чалавек? – Шчаслівы. Нарэшце споўнілася мая мара, мара вар’ята. Мая кніга “Першы пацалунак” – сто вершаў пра каханне – пабачыла свет. Я лічу яе самай дарагой і любімай. Фота аўтара |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












