| Французская усмешка Чэшырскага ката |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 07.09.2007 г. | |
|
- Ёсць у Францыі правінцыя Бурдо, і малюсенькае мястэчка Люсрэ, якое знакамітае тым, што там адбываюцца Фестывалі тэатра лялек. Там месціцца і “Тэатр вялікага Дабрадзея”. Жан П’ер Лоран і Мары Март Буржэ, яго гаспадары, прывезлі ў Гародню вельмі незвычайны, вельмі дзіўны, вельмі французскі спектакль “Усьмешка ката”. Музыка, паэзія, рухаючыяся скульптуры і субтытры па-руску. Часамі можна пачуць нешта з Поля Элюара, часамі можна адчуць дзівосную паэзію Поля Верлена, - гэтак на пачатку прыгаворваў канферансье. Ад колькасці французскіх словаў кружылася галава, бо ў маёй свядомасці цвёрда замацавалася асацыяцыя “мастацтва па-французску – добрае мастацтва”. Героі спектакля хутчэй вялі нейкую інтэлектуальную гульню, чым нязмушаную гаворку. Хаця, пра чалавечую адзіноту гаварыць іншай мовай не выпадае. “А што рабіць з ілюзіямі?” - пытае адзін з герояў. “Збяры іх у пластыкавы пакет”, – адказвае той, хто збіраю ўсіх самотных пры жыцці па той бок люстэрка, за Пераходам. Пасля спектакля аўтарка і акторка Мары пагадзілася пагаварыць пра пастаноўку. - Пра што Ваш спектакль? - Гэта складана патлумачыць у некалькіх словах, пасля таго, як спектакль адыграны. Гэта паэзія ў тэксце, якую я напісала. Гэта прыкладна 20 гадоў майго жыцця: партрэты людзей, якія існавалі ў рэальнасці, якіх я бачыла і ведала, і якія мяне кранулі сваёй самотай і адзінотай. Тэмы, пра якія гаворыцца ў спектаклі, універсальныя ў часе і прасторы. Таму спектакль зразумелы ўсім. - Што натхняе на такія працы? Як з’явілася ідэя спектаклю? - Я блізкая да Льюіса Кэрала, я часта да яго апэлюю: Чэшырскі кот, напрыклад, або пераход за люстэрка… - Дзе яшчэ паказвалі спектакль? - Мы шмат ездзім з ім па Францыі, а зараз пачалі яго паказваць за мяжой. - І спачатку ў Беларусі? З лёгкай рукі Гародні? - Voila! - Я ведаю, што гэтым летам трупа Гарадзенскага лялечнага тэатра прыязджала да вас на Фестываль тэатра лялек. Як нарадзілася ідэя культурніцкага абмену? - Усё дзякуючы перакладчыцы спектакля на рускую мову. Гэта мая нявестка, якая сама з Беларусі, яе бабуля і дзядуля жывуць пад Гародняй. Мае тры сыны, зрэшты, як і муж, якога вы бачылі на сцэне, таксама занятыя ў тэатры. Вось далучылася і нявестка Алена. Так і атрымалася. - Пастаноўка з паралельным перакладам на іншую мову… Было цяжка? - Думаю, пастаноўку можна назваць удалай. Канешне, праца над перакладам была даволі цяжкай. Мова спектакля вельмі французская, калі можна так сказаць, з мноствам тыпова французскіх выслоўяў. Тэхнічна гэта таксама складана. Калі працуеш у спектаклі з субтытрамі, то ня можаш нешта імправізаваць, як у звычайным спектаклі. Нельга падманваць гледача, ты гаворыш тое, што напісана у субтытрах. Таму папярэдне было шмат рэпетыцыяў, каб дасканала ўзгодніць тэкст субтытраў з тым, што робіцца на сцэне. Любыя змены адлюстроўваліся ў перакладзе. - Ці прывязеце што-небудзь яшчэ ў Беларусь? - Спадзяемся! Гутарыла Алеся Бяленік |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|











