| ОДА АРНАМЕНТУ |
|
|
| Піша Мартафана МАРТАФАНІ | |
| 24.07.2008 г. | |
|
Галоўнае – рытм
Арнамент – гэта і фантазійна пераплеценыя матывы на алтарах касцёлаў, прыгожыя загагулінкі на пярсцёнках і завушнічках, урэшце, зайцы на кубках… Галоўнае – гэта рытмічнае чаргаванне матыва. Узор, які хаатычна запаўняе паверхню прадмета, арнаментам не лічыцца. Адзін з вельмі важных аспектаў выкарыстання арнаменту – мастацтва. Асабліва рэлігійнае: упрыгожваць дом Бога людзям вельмі падабалася і ў Старажытным Егіпце, і ў Кітаі, і ў Еўропе. Арнамент пераважна ўжываецца ў так званай малай архітэктуры. Парталы, алтары, канфесіяналы і г. д. Калі-нікалі арнамент ўпрыгожвае фасад будынку. І зусім рэдка ўжываецца ў жывапісе. Дзевяць матываў на працягу чатырох стагодздяў У антычнасці пераважна дамінавалі геаметрычныя элементы, у сярэднявеччы больш выкарыстоўваліся заамарфічныя матывы – галовы звяроў і птушак, пераплеценыя галінкі дрэў, пукі кветак. Але пасля наступлення новага часу з’явіліся так званыя дызайнерскія арнаменты. Тэхнічны прагрэс ў постаці друкарскага станка даў магчымасць шырока распаўсюдзіць новыя ідэі на вялікія адлегласці. Кнігі з новапаўсталымі арнаментамі друкаваліся вялікімі накладамі і траплялі у аддаленныя куткі Еўропы, дзе майстры альбо ад браку фантазіі, альбо за новымі тэндэнцыямі капіравалі ўзор на свае творы мастацтва.(6) Так нарадзілася арнаментальная мода. Яна працягвалася ад рэнесанса да ракако (15-18 век). Кожны матыў панаваў на працягу 25-50 год, а потым змяняўся новым – ўсяго 9 на працягу чатырох стагоддзяў. Гэта фенаменальная з’ява, бо на ўсім старым кантыненце, у меншым ці большым горадзе, амаль ў кожным касцёле мы можам знайсці ідэнтычныя аздобленыя элементы. Апрача яўна бачнай дэкаратыўнай функцыі арнамент можа ўжывацца для датавання прадмету. Не хацелася б катаваць шаноўнага чытача вялікай колькасцю дат – але ўсё пададзенае неабходна для зразумення, які гэта цуд. Пра Фарны касцёл Разгледзім ўсё на канкрэтных прыкладах. Найбольш прыгожая і імпануючая калекцыя арнаментаў захавалася ў Гродзенскім Фарным касцёле. Яны барочныя, як і сам касцёл. Першы храналагічна – гэта акантавы арнамент. Яго асновай з’яўляецца ліст расліны аканту. Расце яна на сяродземнаморскіх тэрыторыях, у Грэцыі напрыклад, дзе ўпершыню і была адаптавана для эстэтычных мэтаў. Ад антычнасці акантавы матыў перманентна існаваў, але як самастойны арнамент паўстаў толькі ў 17 стагоддзі. Прыдумаў яго Шарль Лепрынс ў Францыі ў палове 17 стагоддзя. Да прастораў Ўсходняй Еўропы дайшоў ў чацвертай чвэрці. Быў папулярны з 1675 па 1715.
Алтар апостала Тадэуша. Алтарныя вушы ўпрыгожвае акантавы арнамент. Смела можна сказаць што прыблізная дата стварэння каля 1700 і, мы не памылімся – паводле архівальных звестак, гэты алтар быў прывезены да нас з Калінінграда ў 1709 годзе.
Галоўны алтар ўпрыгожвае рэгенцыйны арнамент. Галоўным матывам гэтага арнамента з’яўляецца стужка, якая бяжыць ламаючыся ў розныя бакі. Прыдумалі яго каля 1700 года, ва Ўсходняй Еўропе ён распаўсюдзіўся каля 1720-30. Так яго прыблізна і можна задатаваць. І зноў мы не памылімся. Архівальныя звесткі падаюць, што ў 1736-1737 г. яго ўстанавіў Ян Хрысціян Шміт.
Тое самае можна прарабіць з амбонай і канфесіяналамі. На іх мы бачым ўзор які выглядае трошкі як фальбанка ад сукенкі. Гэты арнамент называецца ракайль. Першыя яго праекты былі зробленыя ўжо ў 30 гады праз Месаніера. Да нас ён дайшоў ў 50 гады – так больш менш мы можам іх задатаваць. І зноў будзем мець рацыю – амбон усталявалі ў 1752 годзе, а канфесіяналы былі перароблены ў 1768 годзе.
Ў прынцыпе, дзеля таго, каб даведацца дату, можна проста заглянуць ў кнігу, якая Фарнаму касцёлу прысвечана. Але я хацела паказаць, што існуе вялікая колькасць цікавых альтэрнатыўных метадаў працы з прадметам мастацтва. А таксама праз арнаменты яшчэ раз даказаць тое, што наша катэдральная святыня – гэта значная частка культурнага ўніверсума, аб чым мы павінны ведаць і ганарыцца. Мартафана МАРТАФАНІ Фота ў касцёлеі музее – аўтара |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|























Каментарыi
2008-07-2423:53:40 Dziakuju, Martula, za cikavy materjalczyk.
Horadnia honorycca takimi razumnicami;)