| ВОЛЬГА ІПАТАВА: “МЫ – САКРАЛЬНАЯ КРАІНА” |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 21.12.2007 г. | |
|
![]() Дзве гадзіны ў атмасферы высокадухоўнай шчырай размовы. Новыя кнігі, вершы, планы на будучае і меркаванні аб роднай Гародні вядомай беларускай пісьменніцы, майстра гістарычнага рамана Вольгі Міхайлаўны Іпатавай – усё гэта мы маглі пачуць 19 снежня ў сядзібе Таварыства Беларускай Школы. Вольга Міхайлаўна гадавалася ў Гродне ў дзіцячым доме, тут скончыла школу, тут пачала пісаць. Працавала на гродзенскім тэлебачанні. Далейшы лёс закінуў яе ў Мінск, дзе Вольга Міхайлаўна працавала рэдактарам газеты “Культура”. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні. Вучылася таксама ў Маскве ў аспірантуры Літаратурнага інстытута. Вольга Міхайлаўна пачынала свой творчы шлях з напісання вершаў. Першы зборнік вершаў называўся “Раніца”(1969). З 1970 года з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў. За творчае жыццё яе не друкавалі двойчы: пасля адмовы ад граматы ЦККСМБ у знак пратэсту супраць русіфікацыі і другі раз, калі напісала і апублікавала аповесць “Прадыслава”. Аўтарка сямі раманаў. Лаўрэатка шматлікіх ўзнагарод. Адной з апошніх з’яўляецца прэмія часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” за твор “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба.” Пісьменніца прэзентавала гарадзенцам сваю кнігу “Свабода да апошняга дыхання.” “Гэта мае падарожжы па Беларусі, да магілаў нашых славутых людзей, змагароў за свабоду.” Кніга сталася вынікам двухгадовых падарожжаў па краіне. Расказваюцца розныя сітуацыі пад час падарожжа. Напрыклад, “Як шукала у Ваўкавыску след Ваўкавыскай харугвы, а знайшла толькі праект партрэта Сталіну.” Вольга Міхайлаўна з’яўляецца ўкладальніцай кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь”, якая стала вынікам працы з дакументамі беларускай эміграцыі ў Канадзе. “Гэта гісторыя кахання беларуса і беларускі, якія апынуліся на чужыне. Гэта гісторыя чалавека, які на Беласточчыне стварыў у час вайны 80 беларускіх школ. Гэта гісторыя эміграцыі беларускай, беларускай інтэлігенцыі, якая апынулася ў час вайны між волатам і накавальняй”. Кніга расказвае пра трагічны сыход беларускай інтэлігенцыі. Вольга Міхайлаўна падзялілася сваімі думкамі аб творчым працэсе, аб тым, як нараджаюцца творы, аб тым, што такое натхненне: “Гэта калі ты ловіш нейкую цёплую хвалю. Вось калі гэтага няма, разбіся – ты будзеш пісаць, будзеш шукаць слова, ты будзеш над фразай сядзець, а яна не ідзе. Але калі ты нарэшце патрапіў у гэты цёплы струменьчык, тады нейкія нечалавечыя сілы абуджаюцца ў табе”. Вольга Міхайлаўна звярнула ўвагу на тое, што змяняецца чытач. Ён ужо не мае часу на прачытанне аб’ёмных раманаў. “Проза павінна быць дынамічнай”. Пісьменніца падзялілася сваімі планамі на будучае: “Падступілася да Ягайлы”. Збіраецца зрабіць гераіняй аднаго з будучых твораў Соф’ю Гальшанскую. На пытанне аб тым, ці збіраецца Вольга Міхайлаўна зрабіць Гародню адным з месцаў дзеяння сваіх будучых твораў, адказала: “Калі буду пісаць кнігу пра Стэфана Баторыя, то Гародня абавязкова з’явіцца”. – Што б Вы маглі пажадаць Беларусам напярэдадні новага года? – Я б хацела новага вітка мужнасці, непахіснасці ў змаганні “За” (не супраць чагосці) – За Беларусь, За культуру, За мову, За ўзнёсласць душы. І гэта зробіць нас шчаслівымі. Душа кожнага чалавека ведае, што не хлебам адзіным жыў чалавек. Старую ісціну, яе проста трэба перажыць зараз і зразумець па-новаму. Беларусам заўсёды не хапала хлеба, зараз хлеба хапае. Трэба думаць пра душу. Васіль ГЕРАСІМЧЫК |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












