| ПРА НЕДАЎРБАНІЗАВАНУЮ МЕНТАЛЬНАСЦЬ БЕЛАРУСАЎ |
|
|
| Піша Сашка Верацейчык | |
| 12.09.2008 г. | |
|
Спадар Шыбека пачаў свой выступ са слоў пра неабходнасць вывучэння гісторыі не толькі на аснове фактуры, але і на ўзроўні асобнага чалавека, яго памяці, ментальнасці. Такі антрапалагічны падыход зараз актуальны ва ўсім свеце. Таму выступ-лекцыю прафесар прысвяціў ментальнасці беларускіх гараджан у мінулым і ў сённяшні дзень. Вывучаць гэтую ментальнасць важна таму, што пры яе спасціжэнні становіцца больш зразумелым, хто мы такія, што мы за людзі – беларусы, чым адрозніваемся ад іншых. Гэта актуальна, бо інтэлігенцыя мусіць уяўляць, з якім народам яна мае справу, як ён думае. Таму што часам інтэлігенцыя аддаляецца ад народа, яго інтарэсаў, традыцый. Каб пераадолець гэтую мяжу, трэба вывучаць ментальнасць народа, прадстаўнікамі якога мы з’яўляемся. Трэба ведаць і распавядаць, каб нас разумелі і за мяжой. Бо там здзіўляюцца, што гэта за нацыя такая, што за феномен, калі людзі самі не разумеюць, што яны беларусы. Захар Шыбека прапануе тэрмін для такой з’явы – недаўрбанізаваная ментальнасць беларусаў. У чым яна праяўляецца? Па-першае, у веры былых вяскоўцаў, а сённяшніх гараджан у тое, што усё можна справядліва падзяліць, як зямлю ў вёсцы. Усе будуць мець аднолькавы дастатак – у выніку ўсе будуць аднолькава бедныя. Гэтыя савецкія ідэалы дагэтуль жывучыя ў сучасных беларускіх гараджан, бо ў свой час гарадскога бюргерства ў Беларусі не склалася, як на Захадзе. А без яго, без фармавання свайго гарадскога бюргерства не будзе нацыі. Таму спадар Шыбека замест лозунга “Жыве Беларусь!” прапануе больш актуальны “Беларусы, узбагачайцеся!” Таксама ў адсутнасці гістарычнай свядомасці – вяскоўца больш цікавіць родны кут, чым гісторыя цэлай краіны, адсюль недахоп нацыянальнай свядомасці. Для недаўрбанізаванай ментальнасці беларусаў характэрна імкненне да самаізаляцыі – гэта праяўляецца яшчэ больш у горадзе. Паказальна, адзначае гісторык, што Беларусь, відаць, адзіная краіна, дзе дагэтуль вельмі папулярная дзіцячая гульня у хованкі. Праяўляецца падобны тып ментальнасці і ў апалітычнасці. Беларус лічыць, што любая ўлада не можа быць добрай, таму трэба проста да яе прыстасоўвацца, у выніку страчваецца сіла і жаданне да самаабароны, магчымасць і імкненне ўплываць на жыццё ў сваёй краіне. Сірвілізм, ці халуйства, празмерная ганарлівасць, зайздрасць – гэта ўсё таксама праявы і вынікі недаўрбанізаванай ментальнасці. Паводле прафесара Шыбекі, у такой сітуацыі стварыўся савецкі грамадзянін, даволі шэры і змрочны тып. Вясковае мінулае дагэтуль моцна ўплывае на праблемы сучасных гараджан. Пакуль горад не падпарадкуе сабе вёску, палітычна не актыўную, беларускае грамадства не кансалідуецца. Спачатку нам трэба стаць гараджанамі, толькі тады еўрапейцамі, даводзіць гісторык. Вяскоўцаў не надта турбуюць гарадскія праблемы, жыццё і змены ў горадзе. І таму, што нашыя сённяшнія гараджане – былыя вяскоўцы, то зразумела, чаму так мала грамадскіх пратэстаў супраць разбурэння гістарычнай забудовы ў той жа Гародні. Ім гэта проста не баліць. Яны тут не жылі і не бачылі, хто жыў у гэтых дамах, як паступова развіваўся горад. Па меркаванні Захара Шыбекі, будучыня за гарадкімі аскетамі, якія ашчадна ставяцца да рэсурсаў. Таму што сучаснае спажывальніцкае грамадства, калі не зменіць сваёй спажывецкай свядомасці, можа прывесці да крызісу. І яшчэ адно. Недаўрбанізаванай свядомасцю лёгка маніпуляваць. Чалавек з такой свядомасцю як быццам сядзіць на двух крэслах, а значыць, на ніводным. Сашка Верацейчык |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|













Каментарыi
2008-09-1601:46:20 na zal nia byu na hetym spatkanni, i tamu jaszcze z bolszaj udziacznasciu autaru artykula praczytau paznavalny materyjal!
2008-09-1313:57:32 нядаўна прачытала легенду У. Караткевіча "Лебядзіны скіт", як хораша было б, каб усе беларусы былі такія свядомыя, к стары дэрвіш з гэтай легенды