| 22 ЧЭРВЕНЯ БЕЛАРУСЫ ВЫКАЗВАЛІ ПАДВОЙНУЮ ЖАЛОБУ |
|
|
| Піша Інга Сакута | |
| 23.06.2008 г. | |
|
Прыкладна 70 год таму фашыская Германія напала на Беларусь. У гэты ж дзень, пяць гадоў таму, пайшоў з жыцця выдатны беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Васіля Быкава называюць духоўным лідэрам нацыі, беларускім Сакратам.
На працягу чэрвеня, кожны дзень, на хвалях радыё “Свабоды” творы Быкава чыталі вядомыя людзі – сябры пісьменніка Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, палітыкі Івонка Сурвіла, Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч, Павал Севярынец, літаратары Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, музыка Лявон Вольскі, загадчык гарадзенскага музея Быкава Мікалай Мельнікаў і іншыя.
Многія сябры, калегі і ўсе тыя людзі, хто ведаў Быкава гаварылі прыемныя словы ў гонар пісьменніка, ацэньвалі яго творчасць і проста чалавечнасць.
Рыгор Барадулін, пісьменнік: “Быкаў для мяне ўсё - і сябра, і настаўнік. Ён мне родны, як крывіч, бо мы з адных мясцінаў. Ён прайшоў агонь, ваду, медныя трубы, выпрабаванне славай і не пахіснуўся”.
Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца: “Для мяне Васіль Быкаў – гэта, так бы мовіць, экзістэнцыяліст у беларускай рэдакцыі. Ён здолеў надаць гэтай даволі песімістычнай філосафіі гуманізм і аптымізм. У яго безнадзейныя фіналы. Але ёсць абгрунтаванне мэтазгоднасці выбару. А экзістэнцыялізм у заходнееўрапейскай рэдакцыі кажа пра бессэнсоўнасць выбару. У яго ж у кожным творы, дзе гэты выбар адбываецца, ён мае сэнс. А гэта значыць, мае сэнс і чалавечае існаванне. Яшчэ мы Быкава цэнім за ўніверсальны гуманізм. Ён, пішучы ваенныя творы, адзін з першых паставіў пытанне пра тое, ці маюць права ўцягвацца ў вайну жанчыны, дзеці і старыя. І нават здаровыя мужчыны. Ці можам мы патрабаваць ад чалавека звышчалавечага”.
Валянцін Акудовіч, філосаф: "Ён быў роўнавялікі трагічнасці чалавечага быцця. Яго словамі прамаўляла ўрачыстая вусціш. І, магчыма, якраз мы, як чытачы, праз творчасць Быкава і адчувалі, і разумелі, што жыццё – гэта трагедыя. Але, разам з тым, чытаючы яго, слухаючы яго, мы, напэўна, як ні праз каго яшчэ, і адчувалі, і разумелі, што няма іншага выйсця з гэтай трагедыі, як толькі годна прайсці той шлях, які табе наканаваў твой лёс”.
Зянон Пазняк, палітык: “Гэта быў сусветны чалавек, вялікі беларус. Гэта быў вельмі сумленны чалавек. Геніяльны пісьменнік і геніяльны чалавек. Ён не любіў славы, і не любіў вядомасці. У яго не было эгацэнтрызму, гэта быў чалавек самадастатковы.”
Мікола Чаргінец, пісьменнік: “Ён быў проста добры чалавек, хаця тыя, хто не ведаў яго блізка, мог пачуць ад зайздроснікаў, што гэта пануры чалавек. Ён праяўляў клопат пра людзей, як толькі мог. І да мяне звяртаўся, каб дапамагчы камусьці. Якая глыбіня філасофіі і праўды ў яго творах. У яго сапраўды акопная праўда, пад назваю “ісціна”. Яго кнігі пражывуць яшчэ стагоддзі, і заўжды людзі будуць разважаць пра тое, што напісаў Васіль”. Інга Сакута |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|







