|
Калі вы апошні раз былі ў музеі? Вось-вось. А ноччу? Ну, калі хтосьці быў у нядзелю ў Новым замку – пастаўце сабе птушачку. Я сабе ўжо паставіла.
Пачуўшы пра ноч у музеі, адразу ўспомніла пра кніжку Умбэрта Эка «Маятнік Фуко». Там герой трапляе ў музей таемна, і ноччу становіцца сведкам нечага надзвычайнага. Я не арыгінальнічала і квіток у музей набыла банальна ў касе, але пайшла туды таксама ноччу. Спадзеючыся, што нягледзячы на абсалютную адсутнасць прыгодніцкага элементу, абяцанае відовішча не пакіне мяне абыякавай. Прыгоды пачаліся адразу каля ўваходу, дзе две цётачкі настойліва тлумачылі натоўпу, што яны квіткі не прадаюць, што пра гэта трэба было паклапаціцца заранёў. Нос угару – і пайшла. У грэчаскай залі! У грэчаскай залі! У авальную залю, дзе расказвалі напэўна нешта цікавае і нават паказвалі слайды, трапіць не ўдалося. Нехта падказаў, што можна падняцца на другі паверх і паглядзець на ўсё, што там прапаноўваецца. Так і зрабілі. Чаго там толькі няма, вочы разбягаюцца: строі, рыцарскія ўборы, зброя, посуд, іконы, карціны, пугала, ракавіны, матылі. З-за таго што дзеянне адбывалася ноччу, а каса адпаведна ўжо была нячыннай, усё гэта хараство абсалютна дарам можна было … сфатаграфаваць. Уволю наглядзеўшыся, спускаюся на першы паверх, а натоўп. Як гавораць, я ад яго, а ён – за мной. Натоўп пакаціў на другі паверх, а мы з сябрамі спакойненька сабе прайшлі ва ўжо пустую авльную залю. Са сценаў пазіралі работы, прысвечаныя шведска-беларускім сувязям, як на мяне, то адна работа мяне дакладна зачапіла. А яшчэ там вісела карціна, на якой можна ўбачыць венецыянскі прывід. Паглядзелі на яго – на сябра майго падобны! Нават паспрабавалі зрабіць здымак. Чума! Потым быў канцэрт. Гродзенскай капэлы. Вельмі суб’ектыўна, але паслухала я яго на першым паверсе. Проста калі мы з сяброўкамі паглядзелі на гэтага смешнага дзядзечку, які а’ля-оперным голасам, з адпаведнай мімікай выводзіў трэлі, і на цётачку, якая яму акампанавала і, відаць, падтрымлівала яго ўсімі фібрамі сваёй густоўнай душы, устрымацца ад смеху было проста не магчыма. Таму мы, не дамаўляючыся, пырскаючы смехам, павярнуліся і – хуткімі крокамі – уніз. Унізе практыкаваліся дзеўчыны з клубу славянскіх адзінаборстваў «Арыдан», яны дазволілі нам патрымаць іхнія мячы, дакрануцца да іх рэканструктарскіх сукняў, і запэўнілі, што ужо хутка і яны будуць выступаць ва ўнутраным дворыку Новага замку. Сапраўдныя лэдзі! Хутка, ці амаль хутка, праграма трохі зацягнулася, усіх запрасілі на вуліцу. З-за дажджу клубу прыйшлося выступаць без музыкальнага суправадзжэння. Але якія яны ўсё ж такі забаўнікі! Паказалі абрад прысвячэння хлопчыка ў рыцары. Потым хлопцы з варожых ордэнаў у даспехах біліся не на жыццё. Было ўражанне сапраўднай бойкі. Уф! Хлопцы біліся далей і мячамі, паказвалі сваё майстэрства з касой і булавой. Відовішча – не тое слова! Дзяўчаткі ў прыгожых рэканструктарскіх строях танцавалі на мокрай траве, без музыкі!!! Але малайчынкі знайшлі хоць якое выйсце – недзе ў кішэні адной з дзяўчат з мабільніка грала ціхенечка сярэдневечная музычка. Але паколькі вакол усе замерлі ад такога хараства, то музыку было чуваць, і народ як мог падтрымліваў танцорак апляскамі. Наступным пунктам праграмы было фаершоў! Нават не чакала, што пабачу там знаёмыя твары. Прыемна, што такая файная справа робіцца рукамі нашых! Дзяўчаткі так спрытна кіравалі вогненнымі шарыкамі, як толькі не абпякліся. Выглядала гэтая перамога чалавека над агнём вельмі і вельмі прыстойна. І прыгожа. Ноччу ў замку. Нават дожджык амаль перастаў … Алена БЕЗГАН фота аўтара, Мікіты КАРЖА (на пачатку матэрыялу) і Алінкі НОВІК |