| ПРА КАЗУ, КІЛБАСУ І МАТРОСА ГОМЕЛЬСКАГА РАЧНОГА ФЛОТУ |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 27.12.2007 г. | |
|
Пачыналася ўсё з прымервання апранахаў калядоўшчыкаў. Дужа пацешна было бачыць, як на сябрах вырастаюць рогі, барада, капытцы. У выніку атрымаўся прыстойны ці то статак, ці то яшчэ што – каза, яшчур, мядзьведзь, чорт, дзед, салдат, варажбітка, цыган, баран-зорканоша і матрос Гомельскага рачнога флоту. З гіканнем і галёканнем мы рушылі з чыгункі ў бок вуліцы Маладзёжнай. Рэакцыя мінакоў была дзіўнай. На нашыя вітанні і зычэнні большасць дзіка глядзела і спяшалася ў іншы бок. Ці то нашыя касцюмы аказаліся не даспадобы, ці то тварамі не выйшлі. Толькі дзве сталыя жанчыны падзякавалі і павіншавалі са святам, ды яшчэ нейкі хлопчык.
У нейкі момант вырашылі прайсці праз вуліцу Савецкую. Натуральна, поспех мелі шалёны. Бліскавіцы фотапаратаў, прыцэлы камераў – проста зорная алея. Хаця воклічы я чула неадназначныя. Былі і “Малайцы, якая моладзь!” Было і “Идиоты!” У цэлым мне было скрушна бачыць рэакцыю гарадзенцаў на калядоўшчыкаў. Большасць глядзелі пахмурна, з падазрэннем і недаверам. Ці абыякава. Няўжо людзі настолькі замардаваныя жыццём ці змаганнем за штодзённае выжыванне, што нават у святы чыесьці вяселле і радасць падаюцца залішняй і вычварэнскай?
Насамрэч, гэта надта важна адраджаць старажытныя нацыянальныя звычаі. У народзе заўсёды верылі, што Каляда ў хату – заўсёды шчасце. Таму засмучала рэакцыя мінакоў. А калядаваць хадзілі ўсё-ткі да знаёмых, хто каго прапануе ці запросіць. І мне нават не хочацца думаць, як было б, калі калядаваць пайшлі па выпадковых кватэрах… А пакуль рыхтуем добры мех і падвучваем песні. Наперадзе праваслаўныя Каляды. Алеся БЯЛЕНІК Фота Янкі ЛЯЛЕВІЧА
|
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|













