| ПРА ФРАНЦУЗСКІ ШЫК, БЕЛАРУСКУЮ БУЛЬБУ І СТЭРЭАТЫПЫ |
|
|
| Піша Алеся БЯЛЕНІК | |
| 26.06.2008 г. | |
|
Што атрымалася з тыднёвага побыту на Балтыйскім моры – чытайце ніжэй. У эстонскай групы былі відавочныя праблемы з мовай. Часам можна был пачуць, як яны паміж сабой размаўляюць па-англійску. А справа ў тым, што два хлопцы з Эстоніі – этнічныя расейцы, і жывуць у тым рэгіёне Эстоніі, дзе больш гавораць па-расейску, і таму яны эстонскай амаль не валодаюць. Затое дзве дзяўчыны-эстонкі якраз з таго рэгіёну, дзе па-расейску амаль не гавораць. Таму дзяўчыны расейскай не разумеюць. У выніку яны дамовіліся па-англійску. А кіраўнічка эстонскай групы –летувіска, яна валодала і эстонскай, і расейскай, і летувіскай. І зусім эстонцы не замаруджаныя. Эстонка Мар’ё сказала, што калі яна спрачаецца са сваёй сястрой па-эстонску, то хутчэй нагадвае гарачую італьянку. А гэты стэрэатып, магчыма, з таго, што па-расейску эстонцы гавораць сапраўды запаволена, падбіраючы словы і граматычныя формы. Малдаванка Фаціма па нацыянальнасці напалову афрыканка. Неверагодная дзяўчына – вельмі прыгожая і яркая. Хоча стаць дыпламатам. Беларусаў бачыла ўпершыню ў жыцці. Раней марыла аб’ехаць Заходнюю Еўропу, бо, прыкладам, у Амерыцы, Афрыцы была. А зараз страшэнна хоча ўбачыць Беларусь і трапіць у Гародню. А яшчэ ўся малдаўская група выключна спявала. Прычым спявалі яны паўсюдна і ўвесь час. Напрыканцы толькі глухі не мог праспяваць хоць бы куплета якой малдаўскай песні. З Францыі ўдзельнічалі адныя дзяўчаты. Яны прывезлі з сабой «пахучы» сыр і французскае віно. На гэтым стэрэатыпы адносна францужанак сканчаліся. Яны пілі ў неверагоднай колькасці піва, ведалі англійскую мову і паняцця не ведалі пра шарм… Тое, што Славакія заўсёды адрознівалася вольналюбствам, нават у савецкія часы, я ведала. Але каб настолькі! Славакі вольна ставіліся да праграмы заняткаў, да пунктуальнасці і да алкаголю. І нічога не ведалі пра Грузію. Калі славакам трапіла заданне паказаць свае стэрэатыпы адносна грузінаў, то яны былі відавочна збянтэжаны. Я спытала, у чым справа. Славак Івор сказаў, што ў іх няма ніякіх стэрэатыпаў адносна грузінаў. Ну дык паказвайце свае рэальныя ўяўленні, кажу. Не, мы ўвогуле нічога не ведаем пра Грузію… Але ў выніку выйшла ў іх добра – славакі станчылі грузінскі танец і сарвалі шквал апладысментаў. Грузінская група была надзвычай прыемная і сімпатычная. Вельмі добразычлівыя і кампанейскія людзі. Прывезлі дужа смачных слодычаў, прыгатаваных уласнаручна Гурандай, адной з удзельніц. І я зразумела, што нашая пахлава гэта што заўгодна, толькі не сапраўдная пахлава. Усе думалі, што беларусы будуць частаваць на сваёй нацыянальнай вечарыне бульбай. Мы нікога не расчаравалі і прывезлі чыпсы. З’елі у момант і хвалілі як нацыянальны набытак. А сычужны віцебскі сыр? Ды такога французы ў вочы не бачылі. І былі страшна здзіўлены, што дзесьці ёсць такі смачны сыр. Беларускія спевы і гульні настолькі ўсім спадабаліся, што вечарына надоўга зацягнулася. А потым усе яшчэ доўга цягнулі «Цячэ вада ў ярок…» А падчас віктарыны высветлілася, што Беларусь мае выхад да Балтыйскага мора. Затое ўсе аднагалосна назвалі кіраўніка дзяржавы. А ўвогуле нацыянальная прыналежнасць ні пры чым. Моладзь усяго свету аднолькавая. І мараць яны пра вельмі падобныя рэчы. Спачатку я бачу Фаціму, а потым тое, што яна малдаванка. Ці афрыканка напалову. Хаця на нацыянальную прыналежнасць можна не звяртаць увагі і па іншай прычыне. Калі ў цябе ўжо ёсць дакладнае ўяўленне пра кагосьці – адным словам, стэрэатып. Памятаеце кіно «Брат-2»? – Адно слова – румын! – Дык ён балгарын. – Так?! Якая розніца?... Алеся БЯЛЕНІК А вось і фота:
|
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|

















Каментарыi
2008-07-0219:44:22 Калі ў душы песні да золку і вогнішча да неба - табе 20 гадоў заўсёды
2008-06-2713:31:51 Дзякуй, Алеся! Такія цёплыя нататкі! Нібы там пабывала Успомнілася юнацтва, летнікі, вогнішчы да неба, песні да золку, новыя веды, эмоцыі І людзі: грузіны, армяне, палякі, літоўцы - тады нам нават у галаву не прыходзіла дзяліць кагосьці па нацыянальнай прыналежнасці Ах, дзе мае 20 гадоў?!?!