| ШВЭЦЫЯ КОЛЕРУ РТУЦІ |
|
|
| Піша Алеся БЯЛЕНІК | |
| 10.04.2008 г. | |
|
Потым, разглядаючы прыгажэнны каляровы альбом пра Швэцыю, я падумала, як здорава было б трапіць у гэтую краіну. Мне б, напэўна, усё спадабалася – і Паўночнае мора, і сувенірныя лялькі Пэпі Доўгаяпанчоха, і Карлсан, ну і такія блізкія нам швэды. Ці траплю калі ў сваім жыцці туды?... І тут патэлефанаваў мой калега і спытаў: «Хочаш у Швэцыю? Ёсць такая магчымасць... » – «Хачу!!!». Дарагая краіна Швэцыя не толькі вельмі добраўладкаваная краіна, але і вельмі дарагая. Наша знаёмая швэдка сказала, што нават яе сябры-англічане гэта адзначылі, а Брытанія, як вядома, не самы танны варыянт для турыстаў. Я ведала, што ў аэрапорце ўсё дорага, але 3 эўра за шклянку сока…Дарагі транспарт. Калі квіток з Мінску ў аэрапорт каштуе прыкладна паўтара эўра, то з аэрапорта Гётэборга ў горад – 9 эўра. Праехаць з аднаго канца гораду ў другі на трамваі ці аўтобусе абыдзецца дзесьці ў 3 эўра, столькі ж хоць бы і за 1 прыпынак. Але гэты квіток на працягу гадзіны можна выкарыстаць яшчэ на дзве паездкі ў іншым транспарце. Таму шведы ездзяць на роварах. Паўсюль спецыяльныя дарожкі і стаянкі, абстаўленыя роварамі на ланцужках. Вельмі звычайная карціна – рэкспектабельны мэн у касцюме на ровары, з закасанымі штанінамі, каб не забрудзіць. Высокія кошты і на харч – хлеб, напрыклад, каштаваў 1,5-3 эўра. Ну і натуральна закватэраванне – мая знаёмая швэдка лічыць, што ёй вельмі пашчасціла, яна нядорага – 400 даляраў у месяц – плаціць за асобны пакой у 2-павярховым катэджы, які дзеліць разам з іншымі трыма студэнткамі. Пра сувеніры лепш не ўзгадваць. Швэдзкая моладзь
– Я скончыла школу ў маленькім мястэчку, пасля прыехала ў Гётэборг. Тут здымаю асобны пакой, вучуся ў каледжы на адзяленні журналістыцы, займаюся грамадзкай дзейнасцю, пішу нейкія артыкулы, паралельна падрабляю. Потым, думаю, павучуся ў іншым кірунку каледжа. За гэты час назбіраю грошаў на падарожжа і які год пабадзяюся па свеце. А потым можна падавацца і на вышэйшую адукацыю. Ведаеш, мы так позна, гадоў у18, з’язджаем ад бацькоў, што спачатку хочацца пажыць свабодна і са смакам. Потым ужо кар’ера, а гадоў у трыццаць – час думаць пра сям’ю. Адпачынак, ці «масоўка» па-швэдзку Мой час побыту супаў з вялікім швэдзкім святам Midsummer, «свята сярэдзіны лета». У гэты дзень аніхто не працуе, усе паўсюль забаўляюцца. У нашай групы свята пачалося са святкаванняў у мясцовым парку, накшталт нашых Пышкоў, толькі большага па тэрыторыі. Да таго ж там месціўся звярынец, абсалютна не накшталт нашага. Калі гэта марскія коцікі – дык цэлы басейн у скалах, калі алень – дык ледзь не чвэрць лесу для яго агароджана. А каралеўсія пінгвіны!... Што да свята, то амаль нічым не адрознівалася ад нашых масавых гулянняў у тых жа Пышках. Гэтак жа моладзь купкамі стаяла ля лаў з бутэлькамі напояў, не толькі з сокам ці сітро. Сталейшыя – пікнік на лавах пад парасонамі, бо было вельмі халадно і ліў дождж. У дадатак хор і танцы пенсіянераў у нацыянальных строях, вельмі прыгожа глядзелся. А самы клёвы момант – калі усе прысутныя ў парку пабраліся ў колы і танчылі швэдзкія танцы, спяваючы швэдзкія песні. Вельмі яднальны момант. Я не ўсё разумела адразу, і часам «тармазіла», дык абсалютна незнаёмая швэдка, што была са мною побач, імкнулася тлумачць мне па-англійску што да чаго. А самае цікавае было ўвечары. Швэды запрасілі нас на маладзёвую швэдзкую party у гонар свята. Вось дзе сапраўдны дух швэдзкай разняволенасці і нязмушанасці! Увесь час прыходзілі і адыходзілі натоўпы моладзі, у самых неверагодных апранахах. Напрыклад, дзеўчына ў вялікіх бігудзях, белай пальчатцы і спартовым касцюмчыку. Увогуле, здзівіць швэдаў знешнім выглядам вельмі цяжка. Можна апрануць нешта неверагоднае, але ўсё роўна аглядацца ўслед ніхто не будзе. У нейкі момант я падумала, што зараз нас будуць прадстаўляць як нейкіх экзотаў – маладзёнаў з Беларусі і Украіны. Але ўсе ставіліся вельмі прыязна і звычайна – з Беларусі, так? Ну і клёва! Як настрой? Пачастуецеся тэкілай? Па-мойму, швэды не дзівяцца ў гэтым жыцці ані з чаго. Потым нашая знаёмая Тува прапанавала паехаць на ейную вечарынку. Было ўжо позна, ехаць вельмі далёка, але калі яшчэ будзе такі выпадак? Відаць, хлопцы і дзяўчаты «адрываліся» на ўсю стыпендыю. Музыка не проста гучала, а торгала цябе за вушы. Побач з хатай швэды напоўнілі вадой надзьмуты басейн, і час ад часу плёхаліся туды проста з вакна (1-га паверха). Ну і што, што ў вопратцы?.. Тут я ўбачыла мноства хлапцоў у парыках, спадніцах і абцасах, пры make-up. Я чула, што ў Швэцыі шмат нетрадыцыяналаў, але каб столькі! Нядзіва, што швэдзкі фэмінізм самы фэміністычны ў свеце. Я сказала Туве, што вельмі спачуваю швэдкам, бо цяжка відаць знайсці сабе хлапца. Не, кажа, фішка гэтай вечарыны ў пераапрананні – хлопцы і дзяўчыны на вечар памяняліся ролямі. Для прыколу. Раніца, канешне, сустрэла няветліва, але ўспамінаў і ўражанняў!.. Пра надвор’е і рэстаранчыкі
Мне вельмі спадабаліся кітайскія і тайскія рэстарацыі. Там плаціш нейкую вызначаную суму, бярэш талерку і накладаеш, што хочацца – розныя віды мяса, морапрадукты, садавіну, агародніну. І з талеркай ідзеш да хлапцоў, якія пры табе ўсё гэта смажаць на вялізнай патэльні! Я неяк запознена падумала, што мяса курыцы, крэветкі, ананас і памідоры, смажанае разам, гэта занадта. Але і выкінуць шкада. Потым дадаеш вараны рыс з вялізнага чану і паліваеш поліўкамі. Было вельмі смачна, нават з маім наборам ежы. А поліўкі трэба было ўважліва нюхаць, бо маглі трапіць страшэнна экзатычныя і сапсаваць увесь смак стравы, калі ты не маеш звычкі. Пра беларусаў і швэдаў Мне падаецца, я б не пагадзілася са спадаром Эрыксанам, што мы вельмі падобныя. Беларусу там ніякавата было б. Там настолькі ўсё ўпарадкавана, прыгожа, прадумана і прылізана, што проста стаецца сумна. Няма асаблівых праблемаў, якія мы прывыклі ўвесь час пераадольваць. Там суседзі жывуць па 10 год побач і нават не ведаюць, як каго завуць. Людзі вельмі закрытыя. Там не прынята ні на каго аглядацца і глядзець занадта ўважліва. Гучна гаварыць у транспарце і эмацыйна на нешта паказваць у акно. Там нельга ў гардэробе ў музеі паставіць парасон раскрытым, каб пасушыць. Там вельмі шмат рацыянальнага. Але з’ездзіць і паглядзець Швэцыю вельмі варта. Штосьці ў ёй прываблівае – суворае, унуранае, пахмурнае, як Паўночнае мора, на беразе якога Гётэборг. У апошні дзень, перад адлётам, я села на тралейбус №11, на канцавым прыпынку якога – мора. Прыстань, дзе вялізная колькасць прышвартаваных яхт і яхтачак пагойдваецца на хвалях. На кожнай вісіць званочак, і ўсё яны на розныя лады перазвоньваюцца. Адчуванні неверагодныя! Узбярэжжа скалістае, па колеры зліваецца з морам, якое дзіўнага ртутнага колеру, і здаецца вельмі густым. Гэткае ж і неба. Або мора такое ж, як неба. І вільготны вецер. Уся гэта шэра-ртутная карціна з перазвонам яхтаў стварае адчуванне іррэальнасці ўсяго навокал. Тут можна стварыць у мроях каго заўгодна – і мужчыну «у самым росквіце сілаў» з прапелерам на спіне, і дзеўчыну з вельмі дзіўнай мянушай – Доўгаяпанчоха… Потым паглядзела, як адплываюць караблі ад прыстані марскога вакзальчыка, і пашкадавала, што я банальна палячу на самалёце. А не з караблём паплыву ў шэра-сталёвыя хмурыя далечыні… Алеся БЯЛЕНІК |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|















Каментарыi
2008-04-1200:38:12 Jashche z dziacinstva, kali zachaplialasia apoviadami pra Karlsana i Peppi, maryla patrapic u Shviecyju A zaraz jashcze bolsh chochacca tudy patrapic :)