| НАШЫ Ў МАСКВЕ |
|
|
| Піша Вольга ЖУК | |
| 20.03.2008 г. | |
|
Нам, гарадзенцам, зручней за ўсё ехаць праз Мінск. Раю ехаць цягніком, але калі вы адважыцеся на карыстанне аўтамабілем, то рыхтуйцеся да прыгодаў. Ад Мінска да мяжы з Расіяй цягнецца добры кавалак «хвалёнай» платнай трасы, праезд па якой абыходзіцца ў 3 даляры ў адзін бок. Аднак, чым гэтая траса адрозніваецца ад іншых буйных дарог Беларусі, акрэсліць цяжка. Аб выключнай якасці яе казаць няма чаго: траса да Гародні падалася мне лепшай. Па дарозе ці прыгоды пана Гжэгажа Самае цікавае адбываецца, вядома ж, на мяжы. Хоць яе, фактычна, і няма, аднак увоз транспартнага сродку на тэрыторыю РФ афармляць прыходзіцца. Назіраем сітуацыю: паляк-прадпрымальнік падпісвае дакументы на часовы ўвоз аўтамабіля. Сур’ёзнага выгляду ў акулярах мытнік не спяшаючыся правярае дакументы і… не знаходзіць даверанасці на імя паляка на карыстанне аўтамабілем, узятым, на банкаўскі крэдыт. Банк выпісаў даверанасць на фірму, уласнікам якой і з’яўляецца пан Гжэгаж (так завуць паляка). На фірму, а не на яго самога, тлумачыць мытнік: павінна быць даверанасць ад фірмы на імя пана Гжэгажа, завераная яго ж пячаткай. Азадачаны прадпрымальнік здзіўлена перапытвае: «Я павінен напісаць даверанасць на самога сябе?». Атрымаўшы сцвярджальны адказ (і ў дадатак неаспрэчлівае «Гэта Расія. Тут свае законы»), пан Гжэгаж вымушаны быў адаслаць напісаную ад рукі даверанасць ад уласнай фірмы на сваё імя і пераслаць яе па факсе ў Польшчу для пячаткі. Для даведкі: адправіць факс – 100 расійскіх рублёў, прыняць – 50. Факсімільны варыянт даверанасці задаволіў мытніка, засталося толькі праверыць сам аўтамабіль. Усё б добра, ды прадпрымальнік вёз з сабою па два экзэмпляры сваёй прадукцыі, каб падарыць расійскім фірмам, з якімі хацеў супрацоўнічаць. Рэчы, не прызначаныя на продаж, у колькасці 1-2 экзэмпляраў кваліфікуюцца як рэчы для асабістага карыстання. Аднак пачуўшы словы «ў падарунак», мытнік падкрэсліў: падарунак – гэта не асабістае карыстанне, трэба «растамажваць». Пасля кароткай размовы з прадпрымальнікам мытнік згадзіўся на «аргументы». Далейшыя перамовы праходзілі за зачыненымі дзвярыма, але праз хвіліну раз’юшаны мытнік са словамі «Не трэба мне нічога!» вярнуўся да свайго стала і хутка праштампаваў усе дакументы. Паляк мог ехаць далей. Я запытала, чым пан Гжэгаж так раззлаваў мытніка. Аказалася, прадставіў слабыя «аргументы». Па дарозе на Маскву апошні ўказальнік адлегласці пакажа: «Масква 236 км». А далей паедзеце як у «чорнай дзірцы»: указальнікі «Масква» ёсць, а колькі да яе – невядома. Аб тым, што перад вамі сталіца РФ, вы даведаецеся толькі за 2 кіламетры да яе. Таму раю займацца матэматычнымі падлікамі, каб не згубіцца ў прасторы. Маскоўскі Манхэтан і галава безгаловы Калумб Сталіца Расіі, канечне, уражвае. І памерамі, і размахам жыцця, і архітэктурай (я кажу пра гістарычны цэнтр: адных толькі цэркваў каля 1600). Цэнтр захапляе: Кітай-горад, Сабор Васіля Блажэннага, Красная плошча з Крамлём – сэрца Масквы, Храм Хрыста Выратавальніка, дзе праходзяць знакамітыя набажэнствы на Каляды і Вялікдзень, велічны будынак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта на Вераб’ёвых гарах, мноства музеяў і галерэй, якія варта наведаць. Усяго і не апішаш. Масква – гэта своеасаблівы горад-музей. Не пазбаўлены ён, аднак, і сучаснасці. У тым жа цэнтры (а я смела кажу ў цэнтры, бо ён цягнецца на кіламетры) ўзводзіцца своеасаблівы маскоўскі Манхэттан: шыкоўныя будыніны небаскробаў, некалькі з якіх ужо функцыянуюць і па вечарах «зыркаюць» бясконцым мноствам шкляных вачэй офісаў.
Падмаскоўная «глыбінка» Славутасцю з’яўляецца таксама маскоўскі метрапалітэн, які пачаў сваё існаванне яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Праўда, цікавасць уяўляюць цэнтральныя станцыі, менавіта яны, найстарэйшыя, стылізаваны і аздоблены малюнкамі, фігурамі. Маскоўская «падземка» нагадвае горад з мноствам завулкаў, у якіх нядоўга і заблукаць. Ад масквічоў я пачула такі жарт: «Многія, хто прыязджае, думаюць, што падмаскоўная «глыбінка» – гэта маскоўскі метрапалітэн». Дарэчы, зранку ў метро прабрацца вельмі цяжка: вялікі наплыў людзей, якія спяшаюцца на працу. Чарга за білетамі цягнецца метраў на 500 ад уваходу ў метро, а вядома ж, калі спяшаешся, то такія чэргі – катастрофа. Білет можна набыць у перакупшчыкаў, якія заўсёды непадалёк, праўда, разы ў тры даражэй. Нядрэнны бізнэс! Яшчэ адной славутасцю Масквы, не ў лепшым аднак значэнні, я б назвала маскоўскія заторы. Мне давялося дабірацца з цэнтра да ўскрайку горада чатыры гадзіны – і не па горадзе, а па кальцавой. Для мяне, карэннай гарадзенкі, гэта падалося жахлівым. Масквічы кажуць, што часам здараецца стаяць у заторы ад 6 да 12 гадзін. Сапраўдныя праблемы пачынаюцца тады, калі заканчваецца паліва. Таму, вырашыўшы праехаць па Маскве на аўтамабілі, не забудзьце каністру! Найлепшы час для экскурсіі па расійскай сталіцы – 11 -12 гадзін ночы, калі машыны свабодна гойсаюць па шырокіх праспектах. Да таго ж начная Масква – гэта таксама захапляльнае відовішча. Еўрапеізацыя ўсяя Масквы Апошнім часам сталіца, па словах і саміх жыхароў, і гасцей вельмі змянілася. У лепшы бок. Еўрапеізавалася. Аднак, як заўважае мой знаёмы масквіч, толькі знешне: еўрапейскія законы ў Расіі не спрацоўваюць, дэмакратыя тут немагчымая і расіян трэба трымаць «в ежовых рукавицах», каб не «распаясаліся». Вольга ЖУК, фота аўтара
Ленін і Брэжнеў з турыстамі. Зарабляюць. |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|



Сёння наш шлях вядзе ў сталіцу самай вялікай краіны свету і, па супадзенні, нашага суседа – Расіі – у Маскву.









Каментарыi
2008-03-2111:21:15 Да, цікава