| НАТАТКІ ПРА ТУТЭЙШАСЦЬ. ПРАЦЯГ |
|
|
| Піша Алеся БЯЛЕНІК | |
| 28.08.2008 г. | |
|
Пра беларусаў Адна частка нашага праекта складалася з так званых паходаў па ваколіцах. Мы дзяліліся на групы па тры ўдзельнікі – паляк, беларус і немец – бралі мапу вёсак Міхалова і рухаліся ў якую-небудзь вёску збіраць матэрыял пра забытыя мясціны – тутэйшыя храмы, рэшткі палацаў і фальваркаў, могілкі. Бо Міхалова, рэгіён на Падляшшы, вельмі багаты на такія каштоўнасці. У кожнай групе абавязкова мусіў быць удзельнік з Польшчы, каб паразумецца з мясцовым насельніцтвам. Мая група складалася з немкі Аляксандры, полькі Касі ды мяне. Убачыўшы на мапе значак рэшткаў фальварку, мы рушылі на Геранімова. Якраз там да вайны быў палац, апошняй гаспадыняй якога была ўдава нямецкага габрэя Вольга Рамм. У вайну Вольгу з дзецьмі адправілі ў Нямеччыну і не дазволілі вярнуцца. З палаца зрабілі кшталту штаб-кватэры нямецкага ваеннага начальства. А ў 1943 годзе партызаны палац узарвалі. Яго рэшткі стаяць і да сённяшняга дня ў Геранімова. Мясцовыя людзі кажуць, што ў 90-я гады, падчас працэсу рэпатрыяцыі, у Геранімова з Лондана прыехаў унук той Вольгі Рамм з надзеяй вярнуць свой родавы фальварак. Але ўбачыўшы гэтыя рэшткі, гэтую справу кінуў і вярнуўся «у свой Лёндан».
Тая самая сітуацыя была і з астатнімі нашымі рэспандэнтамі. Размова пачыналася па-польску, але хутка збівалася на беларускую мову. Увечары ўсе групы сабраліся, каб абмеркаваць пачутае і сабранае. І ўдзельнікі ўзахлёб (ясна, найбольш беларусы) распавядалі, што людзі тут гавораць па-беларуску. І ў выніку паўстала праблема, каб у кожнай групе быў абавязкова ўдзельнік з Беларусі. Бо ролі зараз памяняліся – асноўнымі ў групах аказаліся беларусы. А найгорш, канешне, было немцам. Бо калі палякі нешта зразумець яшчэ маглі, бо зрэшты, мясцовыя сталыя жыхары адказвалі палякам па-польску, то нямецкай ці ангельскай мовы з іх не ведаў ніхто. У аднаго дзеда я спытала – вы на якой мове са мной размаўляеце? Ну, на мясцовай, па-простаму, як усе тут, адказвае дзед. Дык, кажу, гэта ж чыста па-беларуску. Э, не, не пагаджаецца дзед, ваша беларуская мова з выкрунтасамі – «размаўлялі, пралі». Мы гаворым проста – гаварылі і мылі…
На польскай вечарыне нашыя сябры-палякі прадстаўлялі вядомых людей Польшчы. Усе астатнія ўдзельнікі атрымалі карткі з імёнамі. Калі нехта бачыў здымак той асобы, картку якой ён атрымаў, трэба было ўстаць і сказаць колькі слоў, што ведаеш пра гэтага чалавека. Мне трапіў Адам Міцкевіч. Калі дайшла мая чарга, я ўстала і сказала: «Адам Міцкевіч, сусветна вядомы беларускі паэт…». Натуральна, пачалася спрэчка, чый паэт. Урэшце паляк Пшэмэк заўважыў – якая розніца, адкуль творца? Галоўнае, мы маем яго цудоўныя творы і кожны для сябе знаходзіць нешта каштоўнае. Дык якая розніца, адкуль ён? Ну, не скажыце. Беларусам архіважна мець як найболей сваіх уласных «зорак». Можа, тады беларусы перастануць саромецца сябе, сваёй нацыянальнай прыналежнасці, сваёй мовы, паходжання. І не будзе такой прыкрай сітуацыі, якую я назірала. Побач за сталом я сядзела з хлопцам-валантэрам з Турцыі, які часова жыве ў Польшчы, ён некалькі разоў быў у Беларусі і мае там сяброў. Ён спытаў па-англійску, як будзе слова «бульба» па-руску. Я недачула і сказала, што па-беларуску гучыць вось так. – Не, нашто мне па-беларуску, ты мне скажы па-руску, – чую ў адказ. – Слухай, у цябе ёсць унікальны шанец навучыцца нейкім словам па-беларуску, і ты яго не скарыстаеш? – раззлавалася я. – Вы спачатку самі вывучце сваю мову, а потым вучыце іншых. Я быў у Мінску і ні разу не чуў беларускай мовы… Цікава, колькі яшчэ дзесяцігоддзяў спатрэбіцца беларусам, каб гэта зразумець? Ці лечыцца беларускі комплекс непаўнавартасці? Ледзь не сто гадоў таму прагучала «каб не ўмёрлі…». А што змянілася? Беларусы жывыя, а Багушэвіч ўжо ахрып. Пра палякаў
У такім шматнацыянальным і мультыкультурным рэгіёне, як Міхалова, палякі неяк губляліся. На фоне сінагогаў, цэркваў, кірхаў, мячэцяў і беларускамоўнага насельніцтва сказаць нешта адметнае пра карэнных жыхароў даволі складана. Адно можна сказаць дакладна – яны вельмі талерантныя ў адносінах да іншых. Па праваслаўных і мусульманскіх святах вуліц не мятуць і бялізны перад вачыма не вывешваюць. А на каталіцкія Каляды і Вялікдзень клічуць суседзяў на пірагі. І, па-мойму, не адчуваюць сябе нацыянальнай большасцю. У любым выпадку моцна на гэтым не настойваюць. Усё-ткі хто яго ведае, хто прыйшоў на гэтыя тэрыторыі першым…
Алеся БЯЛЕНІК,
|
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|

















Каментарыi
2008-09-0219:24:28 во, а я там на днях праяжджаў быў!
дзякуй, алеська, за аповед!