| СЮРПРЫЗ СІСТЭМЫ АДУКАЦЫІ: НАЗАД У БУДУЧЫНЮ! |
|
|
| Піша Марына ВАЯВОДА | |
| 11.09.2008 г. | |
|
Мэтазгоднасць рэформы адукацыі, праведзенай у краіне пару гадоў таму, была пастаўлена пад сумнеў Міністэрствам адукацыі і самім Главой дзяржавы. Вынесены вердыкт бясспрэчны. …Каця пайшла ў першы клас у восем гадоў (год у падрыхтоўчым класе). Услед праімчаліся чатыры гады пачатковай школы, за імі прыйшла чарга навучання ў сярэднім звяне. Менавіта ў гэты перыяд уступіў у сілу «Закон аб дванаццацігадовай школе», у межах якога дзяўчынка стала быццам бы на год старэйшай. Замест сёмага класа ў новым навучальным годзе Каця, разам з усімі сваімі аднагодкамі па ўсёй рэспубліцы, накіравалася ў восьмы. Прайшло некалькі гадоў … 10 «А» клас адной з брэсцкіх школаў рыхтаваўся да набліжаючыхся экзаменаў. «Базавы» атэстат ролі асаблівай не грае, калі галоўнай мэтай з’яўляецца паступленне ў ВНУ, але з катэгорыяй навучальнай установы да гэтага часу яшчэ не ўсе вызначаюцца. У нашыя дні «асвятленне» прыходзіць да галоваў маладых людзей толькі на апошнім годзе навучання, ды і тое, за некалькі месяцаў да сканчэння сярэдняй школы. Каця яшчэ не вызначылася з будучай прафесіяй. Ведае толькі, што хоча мець вышэйшую адукацыю, а самыя любімыя прадметы – англійская мова і руская літаратура. Яе бацькі яшчэ ні разу не задавалі сабе пытанне: як дзіцё будзе рыхтавацца да паступлення. Часу дастаткова, няхай яшчэ пагуляе, а ў выпускным класе пачне займацца ўзмоцнена.
Так названая контррэформа беларускай адукацыі цягне за сабой мноства наступстваў. Маёй гераіні праз год зноў прыдзецца здаваць экзамены, толькі ўжо за курс сярэдняй школы. Прыдзецца скіроўваць усе сілы на падрыхтоўку да Цэнтралізаванага тэсціравання, заданняў якога да гэтага моманту яна нават не бачыла. Адным словам, Каце трэба практычна «злёту» паступіць у ВНУ! Але гэта, у прынцыпе, яшчэ не самае галоўнае – спачатку трэба за рэкордна кароткі тэрмін вызначыцца з самой навучальнай установай. Другое далікатнае пытанне, што рабіць, калі не паступіш, калі ж улічваць, што чырвоную стужку накінуць на сябе адразу два пакаленні выпускнікоў, шансы памяншаюцца як мінімум у столькі ж разоў.
Тут выказваюць сваё незадаволенне і тыя, каго рэформа адукацыі не дакранула – дзесяцікласнікі «старога разліву». Яны астатнія, хто павінен быў атрымаць атэстат пасля адзінаццаці класаў і, натуральна, не разлічвалі на такі конкурс у ВНУ ў 2009 годзе. Каб ужо зараз прадказаць, што чакае абітурыентаў наступнага году не абавязкова хадзіць да экстрасэнсаў ці варажбіткі: катастрафічна высокі конкурс на адно месца ў любой з навучальных устаноў рэспублікі. Не варта пры гэтым нават разглядаць якое гэта будзе месца – бюджэтнае ці платнае. Як заўважыў у адным інтэрв’ю «Интерфаксу» старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Здановіч: «Безусловно, переход на одиннадцатилетнее образование приведёт к увеличению конкурса в ВУЗах. Он будет высоким, но от этого выиграют вузы. Они, как говорится, снимут сливки». Таксама ён адзначыў: «Есть несколько предложений, касающихся сокращения летних каникул. Часть экспертов предлагает продлить учебный год до 7-9 июня, ещё одна группа экспертов - до 15 июня. Есть так же предложение продлить учебный год на весь июнь, но этот вариант из наиболее радикальных».
Зараз не варта паднімаць глабальныя пытанні і зазіраць далёка ў будучыню. Самае вострае пытанне: што абяцае наступны навучальны год, датычыць непасрэдна цяперашняга. Непакоіць ён не толькі 140 тысячаў патэнцыйных абітурыентаў наступнага году, але і іх бацькоў, настаўнікаў, а гэта ўжо нашмат больш за названую лічбу.
З некаторымі з прадстаўнікоў пералічаных раней катэгорыяў грамадзян мне ўдалося паразмаўляць і даведацца, якія адносіны грамадскасці да адмены дванаццацігадовай сістэмы навучання:
Алеся, 15 гадоў: У гэтым годзе я скончваю 10 клас па дванаццацігадовай сістэме. Марыла стаць дызайнерам, але не было часу сур’ёзна займацца рысункам. Думала, што калі здам экзамены – пайду на курсы. За два гады можна падрыхтавацца да паступлення ў ВНУ. Зараз, калі я зразумела, што гэтых двух гадоў можа не быць, сумняваюся, што звяжу сваё жыцце з творчай спецыяльнасцю. Выкладчыкі не даюць ніякай гарантыі, што я паступлю пасля году заняткаў, ёсць жа людзі, якія вывучаюць выяўленчае мастацтва шмат дольш. Увогуле, буду рыхтавацца да паступлення ў педагагічны ўніверсітэт на факультэт гісторыі – так вырашылі бацькі.
Маша, 16 гадоў: Я вучуся па адзінаццацігадовай сістэме, то бок, у свой час мяне рэформа адукацыі не кранула. У наступным годзе, натуральна, планую паступаць ва ўніверсітэт і буду намагацца, каб гэта атрымалася. Хаця прагнозы надта страшныя, я спадзяюся на лепшае. Але, на самой справе, ужо паспела пашкадаваць, што не пайшла ў сярэдне-спецыяльную ўстанову пасля базавай школы.
Ягор, 17 гадоў: Скажу адкрыта, яшчэ ў студзені я бедаваў, што конкурс у ВНУ ў гэтым годзе будзе вышэй за наступны. Нават падумаць не мог, што праз пару месяцаў з такой радасцю ў голасе буду гаварыць: «УРА! Я скончваю школу в гэтым годзе!». Гэта значыць, што шанец атрымаць вышэйшую адукацыю ў мяне ёсць. Хаця, калі ў гэтым годзе стаць студэнтам не атрымаецца, то на наступны можна не разлічваць.
Антон, 20 гадоў: Якое шчасце, што я ўжо студэнт трэццяга курсу, а не выпускнік 2009 году. Дванаццацігадовая сістэма, мне падаецца, была ўведзена для таго, каб хаця трошкі наблізіць нашу адукацыю да еўрапейскай. Калі ж яе будзе вырашана адмяніць, магчыма, варта каб пад тое самае падвялі і Цэнтралізаванае тэсціраванне? Ва ўсялякім выпадку, спрасціць гэты від уступнага выпрабавання не перашкаджала б.
Алена Мікалаеўна, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы: Пакуль складана ўявіць, як на практыцы будзе адбывацца пераход да адзінацацігадовай сістэмы навучання. Сваім вучням раю цалкам аддацца навучанню, каб хоць трошкі павялічыць шансы на паступленне. Што тычыцца канікулаў, магчыма рашэнне пра іх скарот – правільнае. За лета дзеці «падзабываюць» значную частку матэрыялу, які вывучылі за год. Магчыма, дзякуючы гэтаму новаўвядзенню прабелаў ў ведах да верасня будзе менш.
Таццяна Анатольеўна, маці аднаго з патэнцыйных абітурыентаў наступнага году: Мая дачка збіралася пасля сканчэння школы ехаць паступаць у адзін з мінскіх універсітэтаў. Мы з мужам, у цэлым, не былі супраць. Яна пайшла ў школу ў шэсць гадоў і, па разліках, павінна была скончыць яе ў васемнаццаць. Але ў сувязі з астатнімі зменамі ў заканадаўстве, Алена атрымае атэстат ужо ў шаснаццаць гадоў. Пра навучанне ў іншым горадзе не можа быць і гаворкі!
Анатоль, 35 гадоў, прыватны бізнэсовец: Складана зразумець, пра якую менавіта «смятанку» гаворыць Уладзімір Здановіч. У такім каласальным патоку абітурыентаў складана будзе выявіць сапраўды вартых людзей – высокі бал на тэсціраванні яшчэ ні пра што не гаворыць, у гэтым я ўпэўніўся на практыцы, прымаючы на працу маладых людзей з чырвонымі дыпломамі ВНУ, залатых медалістаў і іжэ з імі. Прафесію трэба адчуваць кончыкамі пальцаў – для гэтага мала пустога зазубрывання. Часта, сапраўды здольныя да прафесіі людзі вымушаны заставацца на другім, трэцім плане, пакуль справа не даходзіць да практыкі, натуральна.
Кожны з герояў выявіў не толькі сваё ўласнае меркаванне, але і меркаванне вызначанай групы людзей, якім гэтая тэма блізкая. А мая гераіня Каця ўсё яшчэ не ведае з якой спецыяльнасцю звязаць сваё жыццё, хоць часу на прыняцце рашэння застаецца ўсё менш і менш. Марына ВАЯВОДА
|
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|











Каментарыi
2008-09-1414:20:09 Ну і што ж усе гэтыя заклапочаныя і абураныя бацькі ды вучні не абураюцца пісьмова на адрас Бульбашы і яго адміністрацыі?