| ЯК ПА-ГІШПАНСКУ МУЛЯР? |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 24.01.2008 г. | |
|
Памятаю, калі я вучылася ў старэйшых класах, толькі пачала выходзіць маладзёвая газета “Переходный возраст”. Я зачытвала яе да дыр. Газета адлюстроўвала абсалютна ўсё, што мяне хвалявала на той час. Па мне, газета здолела стварыць своеасаблівую маладзёвую супольнасць, і я адчувала сябе прыналежнай да тых цікавых і неардынарных асобаў. Часам яе немагчыма было набыць у шапіках, такі быў попыт. Мне падавалася, што гэта канон маладзёвага выдання. Каб набыць нумар гарадзенскага маладзёвага выдання “Молодежный курьер”, я таксама пахадзіла па газетных шапіках. “Молодежный курьер”? Уже нету,” – чарговы раз пачула ад прадавачкі. Ого, думаю, як сёння разбіраюць мясцовую маладзёвую прэсу. Тады пытаю, колькі на кіёск прыходзіць экземпляраў і калі прыйсці, каб усё ж набыць газету. “А зараз не бярэм “Молодежный курьер”, адмовіліся. Ніхто не браў, усе экземпляры адпраўлялі назад. Дык нашто, каб ляжала?” Н-да… Што ж такога там пішуць, што адзінае маладзёвае выданне на Гарадзеншчыне не раскупляецца? Усё-ткі газету ў шапіку я знайшла і прачытала. Вось за што зачапілася вока. Газета, зразумела, рускамоўная. Толькі адна інфармушка пра тое, як атывісты БРСМ Астравеччыны падарылі тэлевізар дзіцячаму аддзяленню раённай бальніцы. Наогул у нумары даволі шмат інфармацыі пра розныя дабрачынныя мерапрыемствы. Па мне, дык добра, што не шкадуюць для гэтага газетнай плошчы. Хаця я б змясціла акцэнт. Складаецца ўражанне, што аўтары напісалі справаздачу, колькі добрых справаў зроблена. Чытаць агульныя фразы і лічбы ня надта цікава. Мне не хапала адчуванняў саміх удзельнікаў дабрачынных акцыяў. Трэцяя старонка мяне больш зацікавіла. Па-першае, адразу прачытала “Фотодрайв Максима Шведа”.Тыя, хто бачыў выставу, мяне зразумеюць. Потым прыкольная інфармацыя “Инженер со знанием испанского”. У ёй гаворыцца: “Беларусь расширяет свое присутствие в Венесуэле и Латинской Америке в целом, и система образования должна подготовить специалистов, готовых к работе в этих странах, – каменщиков, бетонщиков, инженеров, говорящих на испанском языке, – считает Александр Радьков”. О-па! Не ўстрымаюся ад каментару: нашыя муляры па-расейску ды па-беларуску ня надта гаварыць умеюць, а тут па-гішпанску. Гумарысты! Ну і банк вакансіяў. У гэтай рубрыцы прапаноўваюцца працоўныя месцы з пазначэннем кантактаў. Клёвая рэч. Адзінае, што патрабуюцца найбольш нізкакваліфікаваныя спецыялісты, у асноўным рабочыя, сустракаюцца інжынеры і бухгалтары. Але разумею, што зараз на працоўным рынку патрабуюцца больш рабочыя рукі, чым галовы. Дастаткова лагічна пасля такога набору вакансіяў на наступнай старонцы змешчаны праект “ПТУ. Пойду Туда Учиться”. Ён мае на мэце знаёміць чытачоў з сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гарадзеншчыны. Сёння большасць выпускнікоў падаюцца ў ВНУ, працоўных розных спецыяльнасцяў рэальна не хапае. Пра рэйтынг і прэстыж ПТУ гаварыць проста не даводзіцца. Таму, на мой погляд, задума неяк разрэкламаваць ПТУ харошая. Цікавы матэрыял атрымаўся ў рубрыцы “Духоўнасць”. Карэспандэнтка размаўляла з айцом Вячаславам Гаплічнікам пра свята Вадохрышча. Такія моманты, як і калі трэба браць асвечаную ваду, для чаго выкарыстоўваць, людзі часта ведаюць недакладна. У інтэрвію ўсё тлумачыцца. Са здабыткаў нумару я б назвала матэрыял Сяргея Занеўскага “Академия для медиков”, дзе распавядаецца пра медычную школу Жылібера і ягоную асобу. Не бяруся ацэньваць даставернасць гістарычных фактаў, выкладзеных аўтарам, але сам артыкул напісаны цікава і жывенька. Разварот, першая і апошняя старонкі каляровыя, дастаткова шмат фотаздымкаў. Канешне, не абышлося без вялікага фота мэра горада з дзецьмі і мяккімі цацкамі на 2-й старонцы. Ну і традыцыйны астрапрагноз – на апошняй. Рэзюмэ. Тэмы, задумы газетных матэрыялаў, на мой погляд, цікавыя. Але не ўсе гэтак жа цікава асвятляюцца. Напрыклад, хоць і зацёртая даволі СМІ, але ж актуальная тэма віртуальнай камунікацыі, у прыватнасці на форуме. Што хацеў сказаць аўтар, апісваючы перавагі форума як сродка зносін і прынцыпы яго дзеяння, я не зразумела. Да таго ж фразамі тыпу “если вы предпочли виртуальное общение”, “можно обсудить наболевшие проблемы, показать себя и других посмотреть”, “готовый виртуальный образ каждого из нас”. Такое адчуванне, што аўтар піша пра форум “по сведению очевидцев”. Няма “ізюму”. А яшчэ здаецца, што пішуць вельмі дарослыя людзі, якія мяркуюць, што вось гэта і гэта будзе цікава нашай моладзі. Таму больш самой моладзі ў “Молодежном курьере”. І больш смеласці, разняволенасці, крэатыву і аўтарскага “я”. Гэта я кажу як заўзятая чытачка самых розных маладзёвых выданняў. А “Переходный возраст” з тых далёкіх часоў я не купляю. Баюся. Я дзесьці прачытала, што мой любімы “ПВ” уваходзіць у прэс-каманду БРСМ і з’яўляецца яго “надзейным памочнікам у справе выхавання падрастаючага пакалення”. Можа, сутнасць газеты ад гэтага ніяк не змяняецца. Але, ведаеце, ападак усё роўна застаўся. Сашка ВЕРАЦЕЙЧЫК
|
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|












