| ПРА КАПОЭРАЎ, ГОТАЎ І ХІП-ХОП |
|
|
| Піша Твой стыль | |
| 07.12.2007 г. | |
|
Прывітанне ўсім гарадзенскім маладзёнам і ўсім тым, хто лічыць сябе “маладым душою”! Што б вы адказалі на пытанне “Якія ў Гародні ёсць маладзёвыя газеты ці іх старонкі?” Большасць маіх знаёмых у адказ паціскалі плячыма. І тут я ўзгадала, як некалі, год прамардаваўшы па розных інстанцыях, рэдакцыі незалежнай маладзёвай газеты “Новый век” адмовілі ў рэгістрацыі. Прычына – у Гародні няма патрэбы ў выданнях такога кшталту. Маўляў, рынак завалены. Хм… Можа, і праўда завалены? І маладзёвая старонка ў “Вечернем Гродно”, і цэлая маладзёвая газета “Молодежный курьер”. У рэшце рэшт, рэспубліканская “Знамя юности”. Вочы разбягаюцца, толькі чытай. Уласна, гэта я вам і прапаную ў новай рубрыцы “Твайго стылю” – пачытаць гарадзенскую маладзёвую прэсу. І выказаць сваё ўражанне . Рубрыка “Молодежный бульвар” выходзіць у “Вечернем Гродно” “по мере поступления материала”. У лістападзе такога “паступлення”, па ўсім відаць, не было. Таму нумар з самым свежым выхадам гэтай рубрыкі я маю за 31 кастрычніка. “Бульвар” у газеце займае адну старонку, праўда, ня ўсю. Бо 1/3 займае рэклама – вынікі гульні “Лидское пиво. Не подведет!”. Думаецца, якраз да месца на “Молодежном бульваре”. Матэрыял Інгі Астраўцовай распавядае пра адкрыццё ў Гародні клубу аматараў капоэйры. Для недасведчаных – “бразільскае нацыянальнае баявое мастацтва з элементамі акрабатыкі і музычным суправаджэннем”. Само сабой, на бразільскіх інструментах. Таму калі хочаш быць капоэйрыстам, мусіш вучыцца граць на берымбау, бубне і атабаке. Капоэйра – рэч відавочна карысная. Бо заняткі ёю ня толькі паляпшаюць фізічную форму, але і “даюць уяўленне пра партугальскую мову (на ёй заснавана тэрміналогія і складзены тэксты песень)”. Таму ня дзіва, што ў Гародні капоэйрай гатовы займацца “15 чалавек, у тым ліку 4 дзяўчыны”. Другі матэрыял, аўтаркі Алены Скрабец, дае ўяўленне пра гатычную субкультуру і знаёміць з гарадзенскай готкай Інай. Вялікія індывідуалы готы апранаюцца ва ўсё чорнае, гэта хутчэй стан душы, а не проста захапленне. Яны непаўторныя, бо “чалавек у чорным не можа быць імітацыяй”, даводзіцца ў матэрыяле. Што яшчэ я ведаю пра готаў з артыкула? “Уменне самавыражацца і тварыць”, “страх падацца пасрэднасцю”, “уменне самастойна прымаць рашэнні, не прыбягаючы пры гэтым да парадаў звонку”. Файная тэма. Сама не раз сустракала надпісы на сценах кшталту “Готы живы!”. Або людзей у чорным сярод натоўпу. Аднак на мой чытацкі погляд, готы так і засталіся людзьмі ў чорнай… скрыне пасля прачытання матэрыялу. Калісці у 10 класе я выдавала школьную газетку. І найкруцейшымі маладзёвымі тэмамі мне падаваліся ўсялякія расповеды пра скінаў, пірсінгістаў, брэйк-дансераў і іншых выкрутасаў. Зараз такая прыярытэтнасць падаецца мне сумнеўнай. Як жа я была здзіўленая, убачыўшы ў двух маладзёвых выпусках саліднай газеты ажно 5 матэрыялаў пра субкультуры. Бо мінулы “Молодежный бульвар” за 10 кастрычніка ўзгадаў рокераў, хіп-хоп ды распавёў пра авангарднага мадэльера. Дык можа, аўдыторыя “Бульвара” – гэта і ёсць 10-класнікі? А што чытаць астатнім? Зрэшты, можна пазваніць у газету дзяжурнаму рэпарцёру і спытаць пра гэта самому. Або даслаць SMS з пытаннем ці каментаром. Уласна ў маладзёвай рубрыцы нечага падобнага на зваротную сувязь з чытачом не наглядаецца. Але можна звярнуцца наўпрост у рэдакцыю. На сёння ўся старонка вычытаная. Наступным разам пагартаем “Молодежный курьер”. Дарэчы, запрашаю ўсіх аўтараў і чытачоў маладзёвых старонак і выданняў да абмеркавання. Пра што варта і неабходна пісаць, пра што – ні ў якім выпадку, што актуальна і што ўстарэла, што модна і што “дурны тон”. У рэшце рэшт, як пісаць для гарадзенскай моладзі? Або хто знайшоў цікавы матэрыял і хочацца яго абмеркаваць – пішыце! Усім пакуль, Сашка ВЕРАЦЕЙЧЫК
|
| Наст. » |
|---|










