| ЖАНЧЫНА – ЛЕПШЫ ДРУГ ЧАЛАВЕКА |
|
|
| Піша Сашка ВЕРАЦЕЙЧЫК | |
| 13.03.2008 г. | |
|
Сакавік, 9-е чысло. Еду ў тралейбусе і пазіраю ў вакно. Думаю пра тое, што збольшага сядзяць мужчыны, а жанчыны пагойдваюцца на абцасах побач. Нарэшце мой прыпынак, і я кірую да выхаду. Збоку ж мяне адпіхвае нейкі хлапец і ціснецца ў дзверы, за ім другі. Я не вытрымліваю і голасна кажу: «Што, мужыкі, 8 сакавіка скончылася?» А само свята салідарнасці ўсіх працоўных жанчын святкуецца ў нас хораша і традыцыйна. Беларускі дораць адна адной густоўныя хусткі і пальчаткі, тушы для павейкаў і парфумы ці што там замовілі і салідарна п’юць каву з тортам «ускладчыну». Для мужчын гэты дзень надта нэрвовы. Набудзь каляжанкам тульпанаў ці мімозаў і данясі іх да працы. А каханай чым дагадзіць?. Кажуць, перад 8 сакавіка гандляры добра разгружаюць свае паліцы – ідзе ўсё, і пратэрмінаванае, і нехадавое… Пра святочны сняданак, абед і вячэру лепш і не ўзгадваць. А газеты стракацяць рознакаляровымі выявамі кветак і аднолькавым надпісам «С праздником, милые женщины!» Прапаную пачытаць святочныя нумары газет. Гарадзенскія выданні выглядалі прыстойна. «Гродзенская праўда» на першай старонцы змясціла інфармацыю пра традыцыйны перадсвяточны прыём у аблвыканкаме для лепшых прадстаўніц раёнаў Гарадзеншчыны. І каляровы здымак усіх удзельніц. Жанчыны будуць задаволеныя – «выражы і захавай» у цэнтральнай абласной газеце. На дзве старонкі змясцілі інфармацыю пра сустрэчу «сацыяльна актыўных» жанчын ужо ў гарвыканкаме. Каляровы разварот газеты таксама прысвечаны жанчынам, нават падкрэслена рубрыкай «О женщинах – с любовью». «Выдатных і аўтарытэтных» мужчын вобласці спыталі, як яны ставяцца да таго, што жанчына актыўна рэалізуе сябе ў прафесійнай сферы. Іхныя меркаванні можна смела выкарыстоўваць як прамову па абароне правоў жанчын. Напрыклад, «Деловая женщина – человек сильный и максимально самореализующийся в жизни. В то же время по своей женской природе она открыта для общения, с ней легко и просто работать». (Аркадзь Карпуць, старшыня абласнога Савета дэпутатаў). Карацей, «Гродзенская праўда» павіншавала гарадзенак з размахам і газетнай плочшы не пашкадавала. А вось «Вечерний Гродно» побач выглядаў бедненька. «Ночь любви вместо шампуня» – матэрыял пра тое, «как угодить любимой с подарком». Але размова не пра тое, што б такое выдумаць для віншавання. Аўтаркі пералічваюць, што звычайна дораць мужчыны. Лепш працытую: «Скорее всего, любители «простоты» отдадут предпочтение различным кремам, бытовой химии, кружкам и другой приятной мелочевке, которую торговля заказала в достатке». Праўда, не ўсе жанчыны мараць адно пра матэрыяльныя рэчы, даводзіцца ў артыкуле. «Куда приятнее было бы получить сюрприз в виде романтического ужина, предложения провести несколько дней вместе, прогулки по ночному городу или ночи любви». А вось «Комсомольская правда» в Белоруссии» указала вельмі канкрэтныя кошты такіх «нематэрыяльных» падарункаў. Напрыклад, за 105 тысяч беларускіх рублёў можна арэндаваць на гадзіну для рамантычнай прагулкі па сталіцы трамвай. Чаму б не прыдумаць нейкія незвычайныя спосабы віншаванняў у Гародні? Такі матэрыял быў бы асабліва карысны аматарам «простоты», чыя фантазія абмяжоўваецца бытавой хіміяй. На мой погляд, у «Камсамолцы» артыкул пра спосабы віншаванняў бадай быў самым цікавым сярод гэтак званых «8-сакавіцкіх». Не абышлося без расповядаў пра «удивительных» жанчын. Канешне, маштаб у «Камсамолкі» ужо іншы – узгадалі Агаф’ю Лыкаву, Вангу і Лаліту. Дзіўны шэраг да 8 сакавіка. Увагу зачапіў рэйтынг самых багатых жанчын свету, таксама змешчаны ў нумары. Паводле дадзеных апытання «Форбс», 1-е месца займае Опра Уінфры з 1,5 мільярдамі даляраў у кішэні. Для параўнання: «Беларусь Сегодня» у нумары за 7 сакавіка змясціла вынікі рэйтынгу таго ж «Форбсу» самых багатых мужчын. Дык вось, самы багаты на сёння Уоррэн Баффіт, маючы ажно 62 мільярды. 1,5 і 62 – адчуваеце розніцу? Пра якое раўнапраўе можа ісці гаворка? Дарэчы, «Беларусь сегодня» пра самую багатую жанчыну падае іншыя звесткі, чым «Комсомольская правда». Паводле «СБ» францужанка Ліліян Беттанкур валодае 22,9 мільярдамі даляраў, што самы вялікі паказчык сёння сярод жанчын. Спасылка таксама на «Форбс». Гэтае імя «Камсамолка» не ўзгадавае. У «СБ» таксама зацікавіў матэрыял пра жанчын, якія працуюць дыктарамі ў метро, на чыгуначным вакзале, Белтелекаме. Газета таксама распавяла сакрэты «марафету» беларускіх спартсменак. Тыпу нават цяжкаатлеткі перад выступамі робяць сабе макіяж і манікюр… Няшчасныя мужчыны, відаць, не вытрымліваюць медыйнага прэсінгу перад 8 сакавіка. І яна табе самая разумная, і рабацяшчая, і прыгажэнная, і гераічная. Хочаш – у армііі прапаршчыкам, хочаш – бізнес-лэдзі, а хочаш – пераможца спабору прыгажосці. Нават штангу падымае з манікюрам! Мужчына той і побач не стаяў…
Таму раніцай 9 сакавіка мужчына з палёгкай уздыхае і дзелавіта так запытвае : «Дарагая, што ў нас на сняданак?» Сашка ВЕРАЦЕЙЧЫК, пАГЛЯДЧЫЦА |
| « Папярэд. |
|---|













Каментарыi
2008-03-1800:13:46 у загалоўку дзьве памылкі
пасьля першага абзацу зразумеў, што многабукаффнеасіліл
2008-03-1416:12:44 такоу ўражанне, быццам аўтары матэрыялаў хочуць нешта даказаць :)