| ЯК СЛОНІМШЧЫНА СУСТРАКАЛА МІЛІНКЕВІЧА |
|
|
| Піша Сяржук МАЛАНКА | |
| 24.04.2008 г. | |
|
Слонім ужо 19-ты па ліку горад, які наведвае з візітам лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Ён сустракаецца з простым народам і па магчымасці адказвае на ўсе пытанні. Працоўны люд звяртае ўвагу на нізкія заробкі і рост цэнаў,; студэнцтва цікавіць адмена ільготаў, моладзь турбуе пытанне жылля, пенсіянеры скардзяцца на няякаснае медыцынскае абслугоўванне; прадпрымальнікі адзначаюць, што ў краіне амаль немагчыма весьці легальны бізнес... Сустрэча Мілінкевіча са слонімцамі была запланавана на пятніцу (18 красавіка) у 12:00 ля ўвахода ў цэнтральны рынак. У прызначаны час і ў прызначаным месцы сабралася некаторая колькасць людзей. Моладзь і пенсіянеры, прадпрымальнікі і безпрацоўныя, актывісты апазіцыі і безпартыйныя. Сярод гэтага люду прысутнічалі міліцыянеры, прадстаўнікі райвыканкаму і непрыкметныя дзядзькі з відэакамерамі ў руках. Людзі чакалі, час ад часу паглядваючы на гадзіннік, але машыны Мілінкевіча ўсё не было. Сітуацыя склалася напружаная: у журналістаў некаторых незалежных выданняў, якія толькі з’явіліся на месцы, прадстаўнікі аховы правапарадку адразу праверылі дакументы (такое ўражанне, што іх тут ужо чакалі), а дарогу, што вядзе да рынку, перагарадзілі рабочыя, якія быццам нешта рэмантавалі... Праз пэўны час стала вядома, што сустрэча зацягваецца па прычыне таго, што ў Пінску (горад, у якім адбылася папярэдняя сустрэча палітыка з людзьмі) невядомыя зрабілі 8 дзірак у колах «Мерседэса» экс-кандыдата. Недзе праз гадзіну частка людзей пачала разыходзіцца, згубіўшы веру ў тое, што сустрэча ўсё-такі адбудзецца, бо ім паведамілі, што аўтамабіль палітыка на ўездзе ў Слонім затрымала ДАІ. Але не прайшло і некалькі хвілін, як слонімцы ўбачылі горда шпацыруючага, з ветлівай ўсмешкай на твары, Аляксандра Уладзіміравіча. Найперш да яго падыйшоў супрацоўнік міліцыі, які папрасіў прыпыніць правядзенне мітынгу. Але цікаўныя абступілі прамоўцу, і пасыпаліся пытанні. Мясцовых прадпрымальнікаў цікавіла эканамічнае развіццё дробнага бізнэсу, таксама яны скардзіліся на высокія падаткі. Былі сярод цікаўных і правакатары, якія час ад часу выкрыквалі: «А чё ты сюда приехал? ». Але паважна адказваючы на пытанне аб мэце свайго візіту Аляксандр Мілінкевіч працягваў сумоўе.
Акрамя мінакоў-разявак і «непрыкметных» дзядзек з відэакамерамі, за сустрэчай назіралі і журналісты. Карэспандэнты розных незалежных выданняў, і, што цікава, ажно тры прадстаўнікі з мясцовай раёнкі (напэўна і інфармацыі ў іх будзе ўтрая больш!?). Сустрэча Мілінкевіча з людзьмі на рынку скончылася, але не скончыўся візіт палітыка ў нашым горадзе. Увечары была запланавана яшчэ адна сустрэча на кватэры аднаго з мясцовых актывістаў. А тым часам Аляксандр Уладзіміравіч разам з паплечнікамі вырашыў наведаць Жыровіцкі храм. «Яго пазнавалі на вуліцы, звярталіся з пытаннямі. Нейкія рабочыя падыходзілі нават у кавярні калі мы абедалі», — прызнаўся адзін з паплечнікаў экс-кандыдата. Увечары на прыватнай кватэры адбылася сустрэча лідэра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча і старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, які спецыяльна прыехаў з Мінску, са слонімскімі актывістамі. Палітыкі зноў адказвалі на пытанні прысутных... Пытанні больш прамыя і больш разгорнутыя. А ў гэты час невядомыя зноў вырашылі нашкодзіць «Мерседэсу» Мілінкевіча. Аўтабіль, які стаяў у двары пад вокнамі кватэры, злачынцы аблілі чырвонай фарбай.
Яшчэ праз некалькі хвілінаў прыехала пажарная машына і супрацоўнікі МНС пастукаліся ў кватэру. Пажарныя сказалі, што ім патэлефанавалі і паведамілі, што ў кватэры — пажар. Але гаспадар ўпэўніў іх у адваротным, і сустрэча працягнулася далей. Скончыўся візіт Мілінкевіча ў Слоніме, але не скончыліся прыгоды яго аўтамабіля. Спецбрыгада пракольшчыкаў колаў пераследавала палітыка. Ноччу 19 красавіка на падворку прыватнага дома Аляксандра Мілінкевіча ў вёсцы Бершты невядомыя прабілі ўсе колы чатырох аўтамабіляў, што там стаялі, не пашкадавалі і машыну суседа. Акрамя таго адзін з аўтамабіляў быў заліты зялёнай фарбай. P.S. А вось, дарэчы, і вельмі грунтоўны і змястоўны матэр’ял, які надрукавалі ў раёнцы. Нагадаю, што на сустрэчы знаходзілася ажно тры карэспандэнты з гэтага выдання. Адзін нават здымаў на відэа, як потым прызнаўся: «Для ўласнага архіву... ». Адзін толькі загаловак чаго варты: «Политик узнал, что слонимчане живут хорошо». Такім чынам, раёнка друкуе, а мы чытаем (без перакладу): «Вчера политик Александр Милинкевич побывал в Слониме. На центральном рынке он встретился с немногочисленной группой собравшихся. Политик поинтересовался, как живут слонимчане. В ответ от горожан прозвучало, что они живут хорошо. Граждан интересовало за счет каких средств живет Милинкевич. Гость сказал, что получает деньги из-за границы, где издает свои книги. Пообщавшись полчаса со слонимчанами, Милинкевич уехал с рынка. Игорь Прокофьев». Сяржук МАЛАНКА фота аўтара |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|
















Каментарыi
2008-04-2914:31:25 Гэта Мілінкеівч маёра арыштоўвае.
2008-04-2617:57:11 ахаха! каленам пад дых! :))
2008-04-2613:44:04 Зара ён яго цераз плячо кіне)))
2008-04-2611:07:06 ой, а чыво Аляксандр Мілінкевіч на другім здымку за маёра трымаецца?
2008-04-2420:50:30 Прышпільна)
а да нас таварышч не даехаў