|
Няма межаў – ёсць толькі перашкоды. Калі вы жывеце згодна такой філасофіі, то вы прыроджаны трэйсер (чалавек, які займаецца паркурам). Паркур у перакладзе з французскага азначае «дыстанцыя, паласа перашкодаў». Гэта своеасаблівы від спорту, які прадугледжвае пераадоленне перашкодаў ва ўмовах горада.
Пералезці, залезці, пераскочыць... Без амуніцыі і страхоўкі. Паркур – гэта сумесь акрабатыкі, бегу, скалалазання і баявых мастацтваў. Каб займацца паркурам, неабходна зразумець для сябе тры рэчы: на занятках дзейнічаць без страхоўкі, жыць паркурам і спадзявацца толькі на сябе. У апошні час паркур, нягледзячы на яго небяспечнасьць і травматычнасьць, становіцца вельмі папулярным сярод моладзі. Каб даведацца, чым жа паркур так прыцягвае, я пагутарыла з адным з трэйсероў, які называя сябе TORCH. – Чаму ты абраў менавіта паркур, існуе ж шмат іншых экстрэмальных відаў спорту? – Усё адбылося па волі выпадка. Дзесьці год у 13-ць паспрачаўся з сябрамі, што змагу зрабіць сальта назад ад дрэва. Вышлі ў двор, ну, я і зрабіў. Пасля гэтага і пачаў займацца паркурам сур'ёзна. – Як ты вучыўся паркуру? – У асноўным – самастойна, шляхам спроб і памылак. Таксама чытаў інфармацыю ў Інтэрнэце аб відах скачкоў і іх выкананні. – Ты займаешся адзін? – На жаль, так. Вельмі хацелася б сабраць каманду, але многія проста баяцца. Так што пакуль займаюся ў ганарлівай адзіноце! – Бацькі не супраць твайго захаплення? – Увогуле, не супраць, бо займаючыся паркурам, я развіваю сваё цела. Але мама ўсё роўна вельмі хвалюецца за мяне – паркур даволі небяспечны від спорту. – А ў цябе ёсць амуніцыя? – Вядома, не. Галоўная амуніцыя трэйсера – гэта яго рукі і ногі. Але часам яна магла бы быць і дарэчы. Бывае, здараецца так, што не атрымліваецца выканаць скачок і атрымліваеш траўму. Калі б была амуніцыя, удараў і драпінаў было б менш. – У цябе ўжо былі сур'ёзныя траўмы? – На шчасце, не. Праўда, было пару вывіхаў, але яны хутка праходзілі, і я ізноў вяртаўся да трэніровак. Трэніруюся у асноўным, на выходных па 2-3 гадзіны. Гэтага досыць, каб падтрымліваць сябе ў добрай форме. – Што патрабуецца, каб займацца паркурам? – Галоўнае – жаданне трэніравацца. Таксама вельмі важна пераадолець страх. Страх зваліцца, падрапацца. А што да фізічнай падрыхтоўкі, то школьнай фізкультуры для пачатку хапае. – А што ты адчуваеш, выконваючы якія-небудзь элементы паркура? – Спачатку страшна, але калі пачынаеш выконваць скачок, адбываецца выкід адрэналіну. Адчуванне незабыўнае! Каб зразумець гэта, трэба адчуць самому. – Дзякуй, TORCH. Поспехаў табе! Калі вас прыцягнуў гэты від спорту, то вы можаце далучыцца да каманды дасведчаных трэйсераў або пачаць займацца самастойна, бо, на жаль, у Беларусі няма школ паркура. Дзіяна ЧЫЖЫК На здымку: Хоць на некалькі секунд, але вольны палёт! Фота Яўгена Мізулы. |
Каментарыi
2008-02-2416:08:04 Вельмі файна што Дзіяна падзяквала за інтэрв'ю - адразу бачна, што журналіст - чалавек выхаваны і ўсё такое. Дзіўна, што TORCH не сказаў Дзіяне дзякуй, а тая не сказала "гэта вам дзякуй" :)) быў бы поўны камплект.
Але насамрчэ файна што артыкул у форме інтэрв'ю, а не павучальна-пазнавальнага артыкула :) поспехаў!