| «СПОРТ ЯК КЛАСІЧНАЯ МУЗЫКА – РАЗУМЕЦЬ ПАЧЫНАЕШ З ЦЯГАМ ЧАСУ» |
|
|
| Піша Наталія ВАЖЭЙКА | |
| 03.07.2008 г. | |
|
... пра міжнародную эстафету «Бег сяброўства» і тое, як Беларусь увайшла ў спіс краін. – Беларусь нельга аб’ехаць, абыйсці… 49 краін Еўропы прымаюць удзел у эстафеце. Яна стартавала ў Рыме, ужо прайшла па краінах Афрыкі, Аўстраліі, Азіі, Амерыкі. Удзельнікі эстафеты ў дарозе з 27 сакавіка! Усяго плануецца, што ўдзельнікі эстафеты пераадолеюць больш за 24 тысячы кіламетраў. Гэта эстафета – няспынная, такім чынам, пастаянна ў дарозе знаходзіцца група бегуноў, якія адзін аднаго змяняюць. Паходня заўсёды знаходзіцца ў такім працоўным, запаленым стане. Калі эстафета праходзіць праз якія-небудзь населеныя пункты, гарады, то заўсёды далучаюцца мясцовыя спартсмены, аматары і прафесіяналы, людзі, якія шануюць здаровы лад жыцця. Па падліках арганізатараў у эстафеце прыме ўдзел больш за 1 млн. чалавек ва ўсім свеце. ... пра арганізатараў эстафеты «Бег сяброўства» і пра гарады, праз якія будзе праходзіць яе шлях. – У асноўным гэта ініцыятыва грамадскіх груп, а ўлады падтрымалі эстафету. Сёння, 3 ліпеня, эстафета прыбыла да нас, у Беларусь, на мяжы з Літвой, на пагранічным пераходзе «Прывалкі». «Пабяжыць» яна праз Гродна, Шчучын, Скідзель, Масты, Ваўкавыск, Зэльву, Слонім і 4-га ліпеня перасячэ Гродзенскую вобласць. 5 ліпеня эстафета будзе ў Мінску, плануецца пэўная праграма: гэта і Хатынь, і аглядная экскурсія па Мінску і наваколлі. ... пра падбор спартоўцаў. – Ну, вы зразумейце – тут няма вызначанага адбору, адзінае, што патрабаванні да падрыхтоўкі інтэрнацыянальнай каманды ёсць асаблівыя, бо адлегласць вялікая і трэба пераадолець такі ўчастак… Вядома, гэта звышмарафонцы былыя або дзеючыя, ветэраны звышмарафонскага руху, у якіх за плячыма вялікі аб’ём трэніровак. Вы ведаеце, што ў праграму Алімпійскіх гульняў уключана самая доўгая дыстанцыя – марафон – 42 км 95 м. А яшчэ праводзіцца чэмпіянат свету на 100 км, чэмпіянат свету па сутачным бегу, па 3-х сутачным бегу, нават ёсць забегі на 1500 кіламетраў! Звышмарафонскі рух ва ўсім свеце вельмі развіты. ... пра лад жыцця. – Вельмі цікавы лад жыцця бегуноў: яны – вегетарыянцы, у нас ужо ёсць меню, па якім мы павінны нават арганізаваць харчаванне.У групу ўваходзяць бегуны з Германіі, Італіі, ЗША. ... пра дакументацыю, бег праз межы і адпрацаваны механізм. – На ўзроўні ўлады нашай краіны выпрацаваны пытанні загадзя. У нас не ўзнікне ніякіх пытанняў, такім чынам бегуны бясперашкодна перасяклі мяжу. Адпрацаваны увесь механізм эстафеты: і суправаджэнне ДАІ, і медыцынскай службы, і іншых спецыяльных службаў. Так і ў іншых краінах… Напрыклад, эстафета праходзіць у Афрыцы, а там – праблемны рэгіён… Не стан вайны, але ўсё ж такі. Спорт яшчэ раз паказвае, што ён па-за вайною і па-за палітыкай. ... пра перыядычнасць гэтай эстафеты і арганізацыю падобных. – Такі «Бег сяброўства» праводзіўся, напэўна, гадоў 8-9 таму. Памятаю, што мы ўжо сустракалі такую эстафету, але тады не былі задзейнічаны Афрыка і Аўстралія. Такія мерапрыемствы культывуюць здаровы лад жыцця, калі інтэрнацыянальная каманда перасякае нашыя гарады, нашыя вёскі, калі яшчэ далучаюцца нашыя бегуны, тады, вядома, гэта сродак папулярызацыі фізічнай культуры і спорта, здаровага ладу жыцця. Такія эстафеты мы праводзім і на узроўні Гродзенскай вобласці. ... пра тое, што эстафета – не проста перадача паходні. – Мы не проста перадаем паходню, а мы перадаем з рэгіёна ў рэгіён пасыл спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Калі перадаецца паходня, пачынаюцца мерапрыемствы па ўсіх відах спорту сярод дзяцей, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў. Я лічу, што гэта вельмі добры накірунак і вельмі перспектыўны. ... пра год здароўя. – Няма такой паказухі, што вось год здароўя, усе прачнуліся і пачалі займацца спортам, мерапрыемствы праводзіць… Няма такога. Мы да года здароўя падышлі плаўна, мы былі падрыхтаваныя да яго, таму што ў Гродзенскай вобласці колькасць спартыўна-масавых мерапрыемстваў выйшла на такі ўзровень, на такі пік!.. Вось мы за мінулы год правялі больш за 1600 мерапрыемстваў, у гэтым годзе будзе яшчэ больш. А 7 год таму іх было меньш за 1000. Мы зараз адраджаем спорт па рэабілітацыі інвалідаў, шмат робім для сельскай моладзі. Прыкладам з’яўляюцца і «Каласок» (спартакіяда па 5 відах спорту), і «Залаты колас». ... пра лонданскі марафон. – Я не здзіўляюся, што ў тым жа лонданскім марафоне ўдзельнічаюць 38 тыс. чалавек. А заяваў паступае ў арганізацыйны камітэт да 150 тысяч! Самаму старэйшаму ўдзельніку, які пераадолеў лонданскі марафон, на момант старту споўнілася 102 гады. 42 кіламетры у 102 гады… Гэта проста геніяльна! Адразу бачна, якія адносіны да гэтага накірунку ў іншых краінах. Падрыхтавала Наталія ВАЖЭЙКА |
| « Папярэд. | Наст. » |
|---|



Менавіта так гаворыць аб спорце супрацоўнік упраўлення па фізічнай культуры і спорце аблвыканкама







