| РОКЕНРОЛЬНАЕ ПАЦІ Ў БАЦЬКАВАЙ ХАЦЕ |
|
|
| Піша Твой Стыль | |
| 21.02.2008 г. | |
|
Я проста прынцыпова, напэўна, ніколі б не пайшоў у «Палац», але на тое і прынцыпы, каб іх парушаць. Бо вельмі ж хацелася трапіць на канцэрт улюбёнага гурту, які невядома калі яшчэ прыедзе да нас. Хоць і да апошняга моманту не мог зразумець чаму арганізатары вырашылі праводзіць рок-канцэрт менавіта ў гэтым месцы. Па-першае, у зале няма танцполу, па-другое, ён адзін з самых дарагіх (а мажліва, і самы дарагі), таму квіткі каштавалі 40-80 тыс. бел. руб. І вось надышоў дзень канцэрту. Здаўшы чарговы залік ва ўніверсітэце, у добрым настроі я рушыў у бок «Палаца», дзе ўжо тоўпілася група мінскіх нефармалаў. На кожным (з чатырох) ўваходзе стаялі па тры сур’ёзных хлопца і металашукацель. – Дзінь-дзілінь, – празвінеў апарат, і ахоўнікі прапанавалі ўсё жалезнае з кішэняў пакласці на стол. Я адшпіліў прычэплены да штаноў ланцуг і грымнуў ім на стол. Ахоўнікі нечаму засмяяліся. – Дзінь-дзілінь, – зноў прамовіў апарат. – Яшчэ жалеза ёсць? – запыталіся хлопцы. Я задумаўся, а пасля прадэманстраваў свае бляхі на шыі і фенькі на руках... На гэты раз нечаму засмяяўся стары (на выгляд 40-45) доўгавалосы хіпан, які стаяў побач... – Здымай! — сказаў ахоўнік, а пасля аглядзеўшы мяне дабавіў, – пачакай, а боты таксама жалезныя? – Ну! – Ладна, разбувацца не будзем... Праходзь. Да канцэрту было яшчэ больш за паўгадзіны, таму вырашыў крыху паблукаць паглядзець на «варожае» жытло, калі ж з’явілася такая магчымасць! Мармуровы пол, паўсюль жывыя кветкі, бліскучы клазет: усё як ў лепшых дамах Парыжу. Вось толькі экспазіцыя на другім паверсе нейкая прасавецкая. Магчыма я б яе і не заўважыў, але нейкія валасатыя хлопцы вельмі голасна смяяліся фатаграфуючыся на фоне гэтае выставы. Справа ў тым, што там былі выстаўлены прадметы гонару нашае дзяржавы – макеты МАЗаў, БелАЗаў, трактароў «Беларусь» і інш. І вось, нарэшце, я захаджу ў гэты знакаміты зал, які неаднаразова бачыў на фота дзяржаўных выданняў. Прыгадаў вялізны плакат з надпісам «За сильную и процветающую Беларусь». Прыглядзеўся — вісіць. «Усё на месцы, значыць ўсё нармальна», — падумаў я і сеў адпаведна набытаму квітку (на апошнім радзе). Сядзеў, і назіраў, як рознашэрстная публіка запаўняе зал. У асноўным гэта былі сур’ёзныя дзядзькі з вялікімі кашалькамі і ў касцюмах з гальштукамі, а з імі маладзенькія дзяўчаткі з доўгімі нагамі, апранутыя ў міні, не гледзячы на тое, што на двары зіма. Дзе-нідзе з’яўляліся і сапраўдныя меламаны, прыхільнікі гурту з доўгімі валасамі і фенькамі, але яны, у большасці сваёй, займалі месца на балконах (там квіткі таннейшыя). Ад гэтых дарагіх гальштукаў і брыльянтаў стала неяк сумна. Я ж прыйшоў на рок-канцэрт, а апынуўся сярод сталічнай буржуазіі. Але калі на сцэну выйшлі музыканты і Чыж заспяваў, я адразу забыўся на ўсе свае думкі і на працягу двух гадзін смакаваў... слухаючы песні свайго дзяцінства, юнацтва... песні на якіх я выхаваўся. І зноў розныя думкі палезлі ў маю галаву: «Няўжо гэта ўсё лухта?.. гэтыя песні, гэтыя ідэі... прага да свабоды... » Пасля канцэрту на душы астаўся нейкі смутак і запісы Чыжа ўжо не казаліся такімі жыццёвымі, такімі сапраўднымі... Але праз пару дзён мне на вочы трапіў артыкул, дзе журналіст пытаўся ў Сяргея «Чыжа» Чыгракова: – Ты гатовы граць для каго заўгодна? Ці ёсць нейкія людзі, мажліва, нейкая праслойка, кантынгент, субкультура, для каторых ты б адмовіўся граць у любым выпадку? – Правакацыйнае пытанне... Давай дамовімся адразу: грошы іграюць тут другую ролю, і зусім не галоўную. Але калі нехта паклікаў мяне, і калі некаму падабаецца тое, што я раблю, то мне хочацца верыць, што я прыношу нешта добрае. Калі людзям падабаецца, значыць, я раблю нешта добрае, значыць, яны яшчэ не да канца падонкі. Значыць, я павінен ісці і граць! Сяржук МАЛАНКА
|
| « Папярэд. |
|---|











